У Магілёве апраўданы абвінавачаны ў пастаўцы буйной партыі гераіну (ФОТА)

Гэта гісторыя грымела яшчэ ў пачатку верасня 2010 года. Пад Дуброўнам, на пункце спагнання мытных пошлін “Рэдзькі” спынілі і праверылі “Опель Астру”. Машына ехала з Расіі. Кіроўцу “распрацоўвалі” паўгода.

У бакавых панэлях задняга пасажырскага сядзення знайшлі…блізу 200 цыбулін. Аказалася, што гэта ― замаскіраваны гераін: парашок запаялі ў поліэтыленавыя шарыкі і абляпілі цыбулевым шалупіннем, была нават карнявая сістэма.

 

Перавозілася рэкордная для Беларусі партыя ― каля 28 кілаграм найчысцейшага гераіну. Такі тавар звычайна “разбадзяжваюць”, і ў выніку парашку робіцца ўтрая больш. Такім чынам, гераіну ў цыбулях хапіла б на прыкладна два мільёны доз (мог бы ўкалоцца кожны жыхар Мінска).

Крымінальную справу распачалі па артыкуле “Незаконны абарот наркатычных сродкаў у буйных памерах у складзе арганізаванай групы”.

Разбіраліся з акалічнасцямі крымінальнай справы блізу двух гадоў. Абвінавачванне высунулі двум грамадзянам Беларусі ― цыганам па нацыянальнасці. Зразумела, што кур’еру Г., які перавозіў гераін у “Опелі”, было не адкруціцца.

Але асаблівая ўвага была на іншым фігуранце ― Ю. Ён, па версіі следства, кіраваў перапраўкай наркотыкаў па тэлефоне. Што праўда, з мэтай канспірацыі, цыбуліны з гераінам называлі словамі “рэч”, “тавар” і гэтак далей. На думку следчых органаў, нашы цыганы ўваходзілі ў транснацыянальную групоўку, якая займаецца дастаўкай гераіну з Сярэдняй Азіі ў Еўропу. Некаторыя іншыя ўдзельнікі гэтай групоўкі цяпер чакаюць судоў у Расіі.

Затрыманне наркабарона ў Беларусі магло зрабіць рэальны ўдар па іншых буйных наркагандлярах. Але і з імі не так проста разабрацца: у нарказвароце круцяцца дзясяткі мільёнаў долараў, магчыма, ёсць сувязі і па-за крымінальным светам. 

Вердыкт па гучнай справе  быў вынесены судом Кастрычніцкага раёна Магілёва перад Новым годам.

“Г. асуджаны па артыкуле 328 частка 3. Пакаранне ― 11 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ю. прызнаны невінаватым за недаказанасцю яго удзелу ў здзяйсненні злачынстваў, ― паведамляе суддзя Раман Касцюк. ― Пакуль больш падрабязна я вам нічога не магу сказаць. Прысуд абскарджаны абвінавачаным Г. і апратэставаны пракуратурай з-за апраўдання Ю.”.

“Вынесены касацыйны пратэст на прысуд. Ён будзе разглядацца ў абласным судзе”, ― кажа начальнік аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Людміла Шурпіна.

Еўрарадыё: У чым менавіта пракуратура не згодная з прысудам?

Людміла Шурпіна: “Толькі калі справа будзе разгледжаная ў судзе, прысуд набудзе законную моц. Толькі тады можна будзе даваць нейкія ацэнкі”.


Еўрарадыё будзе сачыць за сканчэннем гучнай крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі