У мінскім Доме шлюбаў кожнае чацвёртае вяселле — з замежнікам
А разводзяцца беларускі найчасцей з арабамі.
Беларуска Вікторыя выходзіць замуж за кітайца Куньу. Чакаюць дзіця і пакуль не ведаюць, будзе хлопчык ці дзяўчынка.
“Пазнаёміліся праз сяброўку. Першы месяц ён ездзіў у Кітай, і мы перапісваліся праз інтэрнэт, там ён і прапанаваў сустракацца. Калі пазнаёміліся, ён вучыўся на другім курсе філалагічнага. Рускую мову ведаў ужо дастаткова добра”, — расказвае Вікторыя.
Яе муж цяпер давучваецца. Жывуць разам у Гомелі і… гатуюць адно аднаму нацыянальную ежу. Вікторыя — повар, частуе мужа беларускімі стравамі, Куньу яе — кітайскімі.
“Калі я на працы — ён гатуе. Калі я дома — гатую я. Праўда, ён беларускую кухню не вельмі ўспрымае. Ён гатуе нейкія складаныя стравы — з гароднінай, мясам, рысам”, — кажа Вікторыя.
Калі Куньу скончыць вучобу, пара збіраецца пераехаць у Кітай.
Як высвятляе Еўрарадыё, з пачатку года ў мінскім Доме шлюбаў ажаніліся 5 пар, дзе другая палова — грамадзяне Кітая. Кожны чацвёрты шлюб — з замежнікамі.
“Традыцыйна найбольш шлюбаў з расіянамі, потым Германія, Італія. Ёсць і Венесуэла, Перу, Бразілія. Ёсць, калі нявеста замежніца: італьянка, костарыканка, грамадзянка ЗША”, — расказваюць у Доме шлюбаў.
У брэсцкім Доме грамадзянскіх абрадаў за паўгода распісалі 56 замежнікаў, якія ажаніліся з беларусамі.
“З іх 23 з расіянамі, 18 — з грамадзянамі Украіны, 3 — з грамадзянамі Польшчы і столькі ж — з малдаванамі”, — распавядаюць у брэсцкім Доме грамадзянскіх абрадаў.
І дадаюць, што па адным шлюбе было з грамадзянінам Бангладэша і Гвінеі. Экзотыка! Дзяцей пакуль не рэгіструюць.
Разводзяцца найбольш з арабамі. Не прыжываюцца, наракаюць у судзе Заводскага раёна Мінска.
“Калі з замежнікамі разводы, то найчасцей з арабамі: Турцыя, Егіпет, Эміраты. Любыя арабскія краіны. Радзей італьянцы, іспанцы. Бліжэйшае замежжа зусім няшмат разводзяцца”, — кажуць у судзе.
У 2011 годзе, паводле звестак Белстат, у Беларусі зарэгістравалі 86 тысяч шлюбаў. Больш за тры тысячы згулялі вяселле з замежнікамі.
Фота: amur.kp.ru