У панядзелак пройдзе чарговая акцыя "Стоп-бензін"?
Аўтамабілісты будуць пратэставаць супраць павелічэння коштаў на паліва.
Нагодай для акцыі пратэсту стала чарговае павышэнне коштаў на бензін. Нагадаем, што 1 кастрычніка кошты выраслі на 5%. Гэтае павышэнне цэнаў стала восьмым ад пачатку года. Перад тым бензін і дызельнае паліва даражэлі 14 верасня — прыкладна на 3%. Нагадаем, што тады акцыя "Стоп-бензін" не атрымалася.
Цяпер аўтамабілістам прапануецца ладзіць акцыю ў двух месцах — на праспекце Пераможцаў ад вуліцы Нямігі да вуліцы Ігнаценкі (за стэлай "Мінск — горад-герой") і на праспекце Незалежнасці ад плошчы Якуба Коласа да ГУМа. Пачатак акцыі абвяшчаюць на 19 гадзін. Як перадае Радыё "Свабода", асноўная мэта ўдзельнікаў акцыі — рухацца ў любым кірунку. Калі аўтамабіліст дабярэцца да канцавой пазначанай кропкі, ён мусіць развярнуцца, каб рухацца назад.
Фота: bymedia.net