У Варшаве прэзентавалі Няклява па-польску
Увечары 10 лістапада ў Варшаве прайшла сустрэча з беларускімі пісьменнікамі і прэзентацыя кнігі Уладзіміра Някляева "Галубіная пошта".
Пераклад кнігі на польскую быў выкананы Адамам Паморскім, які з'яўляецца старшынём польскага ПЭН-клуба. Вечарына адбылася ў Доме літаратуры ў цэнтры Варшавы і прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Чыталі вершы Уладзіміра Някляева па-беларуску і ўжо ў перакладах на польскую мову.
Разам з перакладчыкам у сустрэчы таксама бралі ўдзел пісьменнікі Ева Вежнавец, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў і Артур Клінаў.
Як распавёў Андрэй Хадановіч, акрамя таго, што Адам Паморскі з'яўляецца перакладчыкам кнігі, ён яшчэ і выступіў ініцыятарам гэтага перакладу.
Хадановіч: "Ён зрабіў беларускіх паэтаў бліжэйшымі, больш вядомымі і больш сучаснымі ў вачах польскага чытача. Некалькі гадоў таму ён пераклаў "Паром праз Ламанш" Уладзіміра Арлова. Але Някляеў больш складаны ў 10 разоў для перакладаў. Ён і больш традыцыйны і больш прывязаны да беларускага кантэксту. Што рабіў Адам, я не ведаю. Як жартуе сам Адам, ніводная кухарка не адкрые сакрэтаў сваёй творчай кухні. Але па-мойму, Някляеў — гэта паэт, якога можна чытаць па-польску і атрымліваць ад гэтага асалоду. І мы бачым вынік — выбраная кніжка з 80 вершамі. Вершы, якія найбольш добра прадстаўляюць Някляева, узровень перакладаў таксама. Беларусы, якія гэта чуюць, пляскаюць у далоні. Палякам таксама падабаецца".
Перад гэтай сустрэчай у Варшаве беларускія пісьменнікі наведалі Гданьск, Уроцлаў, Познань і Кракаў, дзе правялі літаратурныя вечарыны. Па словах Евы Вежнавец, на гэтыя сустрэчы прыходзілі зусім розныя людзі. Аднак практычна ўсе яны пасля сустрэчаў з беларускімі літаратарамі змянялі сваё ўяўленне пра Беларусь.
Вежнавец: "Я пераканалася, паездзіўшы па пяці гарадах Польшчы, што на сустрэчы прыходзяць цалкам розныя людзі. Прыходзяць з пэўнымі стэрэатыпамі ў дачыненні да Беларусі. Гэта не заўсёды сімпатычныя стэрэатыпы. Бо стэрэатыпы бываюць добрыя і кепскія. Яны прыходзілі з кепскімі стэрэатыпамі. І нават не тое, што ў нас дыктатура і ў нас нічога добрага няма. Яны прыходзяць нас падтрымаць, таму што мы такія гаротныя і нудныя. Мы не гаротныя і не нудныя на самой справе. І вось мы пачкам скамарохаў, калі казаць несур'ёзна, ездзілі ў гэтым бусіку і распавядалі пра беларускую літаратуру, прадавалі свае кніжкі і сустракаліся заўсёды з радаснай і вельмі файнай рэакцыяй".
Па словах Ігара Бабкова, вандроўка змяніла не толькі чытачоў, якія прыходзілі на сустрэчы, але і саміх літаратараў.
Бабкоў: "Гэта было фантастычна цікавае і прадуктыўнае падарожжа.Таму што мы былі не згодныя паміж сабой, але гэтая нязгода ў рэшце рэшт прывяла да разумення неабходнасці нейкіх новых спосабаў прадстаўлення беларускай літаратуры для палякаў. Мы павінны навучыцца прадстаўляць беларускую літаратуру не проста як дадатак да палітычных актуаліяў і нават добрасуседскіх дачыненняў, а як фантастычна цікавую і новую рэчаіснасць".
Артур Клінаў у сваю чаргу заўважыў, што такія сустрэчы таксама спрыяюць паяднанню беларускага і польскага народаў. Паводле беларускага літаратара, менавіта культура з'яўляецца найбольш моцным механізмам паразумення паміж народамі. І ў гэтым кантэксце такія літаратурныя сустрэчы вельмі важныя.