У якога старшыні выканкама службовае аўто круцейшае?

121113_savi4_avto.mp3

“Вы паглядзіце: у іншых раёнах ужо даўно ўсе старшыні ездзяць на аўтамабілях такіх, такой жа маркі, а мо яшчэ і даражэй! Такіх жа маленькіх раёнах, а разадзьмулі… Закупку гэтую мы адмянілі!” — з крыўдай кажуць Еўрарадыё ў Ельскім райвыканкаме. Улетку райвыканкам аб’явіў тэндар на закупку новага Volkswagen Touareg коштам 600 мільёнаў рублёў.


А вось суседзі Ельска Кармянскі райвыканкам — купілі аўто нядаўна. Старшыня ездзіць на... Volkswagen Touareg.


“Зусім нядаўна машына, але мы мянялі з дазволу аблвыканкама!” — з ходу папярэджвае сакратар у прыёмнай кіраўніка раёну.


Ужо два гады як купілі новы аўтамабіль і для старшыні Навагрудскага райвыканкама:

“У нас Mitsubishi Outlander. Два гады ўжо, на ёй ездзіць старшыня з кіроўцам, натуральна. Нашы кіроўцы добра за машынамі даглядаюць, таму мяняць не збіраемся”.

Папярэдняя машына ў старшыні — Chevrolet Niva. Ад’ездзіла восем гадоў і не падлягае рамонту.
Такі Mitsubishi Outlander каштуе 29-35 тысяч долараў.


У старшыні Лельчыцкага  райвыканкама службовае аўто зноў жа з “туарэгаў”. Машыну купілі пяць гадоў таму. Volkswagen перайшоў у спадчыну ад мінулага старшыні, мяняць аўто не збіраюцца — няма грошай.


“Прайшлі чарговыя нейкія выбары, і нам, усім раёнам, падаравалі машыны, у нас нават нумары аднолькавыя. Каб мяняць машыну, трэба грошы, і ўвогуле…”, — абураюцца ў Быхаўскім выканкаме. Службовую машыну кіраўніка не мянялі 10 гадоў!


У гаражы старшыні райвыканкама пасёлка Акцябрскі адразу два службовыя аўто — Mercedes і Volkswagen Touareg, які купілі ў 2008 годзе.

“Не ведаю, на якой старшыня паехаў. У яго Mercedes і Volkswagen Touareg. Але ён не ездзіць на Touareg, больш па камандзіроўках…”.

Мінчукі ж, на пытанне Еўрарадыё, на якіх аўто павінны ездзіць чыноўнікі, прапаноўваюць ездзіць на "жыгулях" ці "самандах", каб у простых грамадзян не ўзнікала пытанняў, адкуль у чыноўнікаў грошы на дарагія аўто.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі