Удзельнікі Канскага фестывалю выйдуць да гледачоў пад песню Касі Камоцкай
Стваральнікі стужкі “У тумане” хочуць прайсці па чырвонай дывановай дарожцы пад песню “Мой паляўнічы” (тэкст ― Міхал Анемпадыстаў) з “Народнага альбома”
За дазволам на гэта яны звярнуліся да выканаўцы песні Касі Камоцкай.
“Справа ў тым, што ў іх у фільме ўвогуле няма музыкі, ― распавядае Еўрарадыё Кася Камоцкая. ― Я ўчора размаўляла… Бо мяне таксама зацікавіла, пры чым тут я. А ў іх вельмі класны гукарэжысёр, ён беларус. І я кажу: “Дык што, няма музыкі ў вас?” ― “Няма, кажуць, у нас толькі птушыныя спевы”.
Фільм “У тумане” ― сумесны праект кінематаграфістаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Германіі і Нідэрландаў. Рэжысёр стужкі Сяргей Лазніца нарадзіўся ў Баранавічах, а выканаўца галоўнай ролі Уладзімір Свірскі ― у Барысаве.
Сёлета “У тумане” трапіў у асноўную праграму 65-га Канскага кінафестывалю. За Залатую пальмавую галіну Сяргей Лазніца пазмагаецца з Дэвідам Кроненбергам, Аленам Рэнэ і іншымі сусветна вядомымі рэжысёрамі. Прэм’ера стужкі адбудзецца на Канскім кінафестывалі 24 траўня.
Фота — kinobizon.ru