ВНУ: Кошты на навучанне трэба павышаць не на 10%, а на 15%

130311_martin_vnu_0.mp3

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч з красавіка прагназуе падаражанне вучобы ва ўніверах на 8-10%.

“Большасць ВНУ ўжо маюць сродкі толькі на заробак, таму цягам семестра ўрад пойдзе на некаторае павелічэнне выдаткаў на навучанне. З красавіка ў межах 8%, можа быць. Сёння ўжо менш за 60% выдаткаў пакрываюцца студэнтамі-платнікамі”, — кажа падчас прэс-канферэнцыі Сяргей Маскевіч.

За два тыдні да красавіка ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце такі рост коштаў нечакана называюць недастатковым, там гавораць пра 15-працэнтнае падаражанне.

“Трэба павышаць на 15%. Неабходна павышаць, але дазвол яшчэ з Міністэрства адукацыі не прыйшоў. Магчыма, з 1 красавіка”, — адказваюць у гэтай ВНУ.

І тлумачаць, што кошты трэба падвышаць, бо з пачатку года вырасла тарыфная стаўка першага разраду, а значыць і заробкі выкладчыкаў. А кошты за навучанне не змяніліся.

Галоўная ВНУ краіны — БДУ — пакрывае нерэнтабельныя спецыяльнасці з колішніх запасаў, скардзяцца Еўрарадыё ў гэтай ВНУ:

“Некаторыя спецыяльнасці мы пакрываем за кошт прыбытку, што назбіраўся. Заробак вырас, камунальныя плацяжы выраслі, кошты на ўсё выраслі, а плата за навучанне не змянілася”.

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава люты і сакавік называюць стратнымі месяцамі, бо не паднялася плата за вучобу.

“У нас жа з лютага заробак павысіўся на 6%. Гэта ж усё нашы страты… З лютага чакалася, што плата вырасце, але яна не вырасла, не было такога распараджэння”, — тлумачаць мне ў гэтым універы.

Як даведалася Еўрарадыё, прыватныя ВНУ пры гэтым паднялі кошты ў сярэднім на 200 тысяч рублёў адразу з пачатку года. А ва ўрадзе Еўрарадыё не кажуць, калі паднімуць кошты ў дзяржаўных навучальных установах. Маўляў, пакуль няма адпаведнага загада.

Самай дарагой ў дзяржаўных беларускіх ВНУ цяпер лічыцца прафесія стаматолага — амаль 16 мільёнаў на год. На другім месцы — будучыя дыпламаты-міжнароднікі: больш за 14 мільёнаў на год.

Вывучыцца на медыка ў віленскім універсітэце ўсё ж даражэй — больш за 3 тысяч долараў на год, супраць 1,8 тысячы ў Беларусі. А дыплом гісторыка ў гэтым універсітэце пацягне на 1,4 тысячы долараў у год, прыблізна столькі ж гэтая адукацыя каштуе ў БДУ без падаражання.

Фота: rian.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі