Вячаслаў Дзіянаў: Ранейшыя "маўклівыя акцыі" наўрад ці ўжо будуць
Адзін з ініцыятараў “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” лічыць, што цяпер будуць развівацца новыя формы вулічных пратэстаў.
У сацыяльных сетках з'явіўся новы план акцыі 27 ліпеня. Ініцыятары прапануюць сабрацца а 13-й гадзіне на цэнтральным рынку свайго горада. У Мінску, напрыклад, называецца Камароўскі рынак. Удзельнікам акцыі прапануецца збірацца каля закрытых павільёнаў, стаяць там паўгадзіны, а потым разыходзіцца. Калі рынак будзе закрыты, збірацца прапануецца каля цэнтральнага ўваходу.
Еўрарадыё звярнулася па каментар да Вячаслава Дзіянава, каардынатара суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".
Еўрарадыё: У вашым паведамленні вы напісалі, што рынкі — гэта “псіхалагічна больш бяспечнае месца”. Чаму?
Дзіянаў: “Па-першае, тут справа не ў месцы, а ў тым, што змянілася ўся канцэпцыя ідэяў акцыяў, бо зараз мы не ставім акцэнт на нейкае пэўнае месца, а абапіраемся на ўсе лакальныя акцыі, на ўсе лакальныя ідэі, якія былі. Я думаю, маўклівыя акцыі, якія былі да гэтага, яны наўрад ці ўжо будуць, але новыя формы акцыяў будуць развівацца і павялічвацца”.
Еўрарадыё: 13:00, серада — працоўны час. Вы спадзеяцеся, што людзі прыйдуць у гэты час?
Дзіянаў: “Мы пісалі, што будзем працягваць нашыя акцыі ў суботу. Што гэтая акцыя будзе пераходным перыядам да тых акцыяў, якія будуць далей. Калі зараз прыйдзе няшмат людзей, гэта не будзе азначаць, што ў суботу не выйдзе больш людзей”.