Вядомы польскі эканаміст Бальцаровіч падкажа, як рэфармаваць Беларусь
Ва Уроцлаве абмеркавалі, хто хутчэй правядзе змены ў краіне: ЕС або самі беларусы. А таксама задаліся пытаннем, што будзе рабіць апазіцыя, калі зменіцца ўлада.
У межах Тыдня незалежнай беларускай культуры ў польскім Уроцлаве адбыўся “Вечар салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю”.
Дыскусію распачаў прафесар Мікалай Іваноў, які адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі нагадвае “цішыню на могілках”. І звярнуўся па тлумачэнні да тых, хто “спрабуе ствараць гісторыю па той бок Буга”.
“ЕС сёння не можа ўплываць на ўнутраную сітуацыю ў краіне. З іншага боку, апазіцыя таксама не такая моцная. А вось грамадства да зменаў гатовае, як ніколі. Больш за 80% беларусаў разумеюць, што патрэбныя рэформы і эканамічныя змены. А нават больш за 50% хочуць палітычных зменаў”, — падхапіў па-польску Аляксандр Мілінкевіч. Паводле палітыка, большасць беларусаў не падтрымліваюць ні ўладу, ні апазіцыю. Што тычыцца ролі Масквы ў дэмакратычных пераменах у Беларусі, то яна, хутчэй, зацікаўлена ў наяўнасці ў Беларусі палітвязняў, лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
У сваю чаргу жонка Мілінкевіча Іна Кулей, якая ўзначальвае камітэт дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць”, распавяла пра змены ў беларускім грамадстве за апошні час.
Іна Кулей: “Калі 6-7 гадоў таму дзякавалі іншым краінам, якія дапамагалі беларусам, то цяпер бачым, што абудзілася тая салідарнасць унутры краіны”.
Беларуская мова загучала гэтым вечарам, толькі калі дайшла чарга да мастака Аляксея Марачкіна, якога прафесар Іваноў назваў “хадзячай гісторыяй” і адным з тых, хто стаяў ля заснавання беларускай незалежнасці.
Аляксей Марачкін: “Я не хацеў бы, каб нас так ужо шкадавалі. Бо тых, каго дужа шкадуюць, не паважаюць. У нашых руках наш лёс. Але мы адчуваем, што сітуацыя ў Беларусі катастрафічная з духоўнага пункту гледжання. Польскую нацыю кансалідаваў Касцёл. У Беларусі сітуацыя іншая. Расійская праваслаўная царква ніколі не будзе мацаваць беларускую нацыю”.
Пасля выступу экспертаў пачалася дыскусія з залай. Узгадалі санкцыі, энергетычную залежнасць ад Расіі, а таксама праграмы супрацоўніцтва паміж ЕС і афіцыйным Мінскам.
Калі Аляксандр Мілінкевіч папрасіў задаваць у тым ліку і “нязручныя пытанні”, мікрафон узяў польска-нямецкі палітолаг Ежы Мацькоў.
Ежы Мацькоў: “У мяне адчуванне, што тут размаўляюць пра ЕС, а не пра Беларусь. Як вы лічыце: незалежнасць Беларусі залежыць ад ЕС ці ад Беларусі і беларусаў?”
На што Аляксандр Мілінкевіч, як і мастак Аляксей Марачкін, заўважыў, што лёс беларусаў залежыць толькі ад саміх беларусаў. У той час як палітыкі мусяць змагацца за прадэмакратычныя настроі сярод людзей. А таксама усведамляць, што апазіцыі трэба думаць не толькі пра Аляксандра Лукашэнку.
Аляксандр Мілінкевіч: “Я гавару, што можа быць нехта горшы за Лукашэнку, і можам згубіць краіну. Я не бараню Лукашэнку, але мусім паглядзець на некалькі крокаў наперад. Праблема Беларусі — не Лукашэнка, а тое, што ў галовах у людзей, тая саветызацыя”.
Ці мае апазіцыя нейкі план на той выпадак, калі ўлада ўсё ж такі раптам зменіцца, запытаўся адзін з гасцей дыскусіі. На што кіраўнік руху “За свабоду” распавёў пра Народную праграму, якая ствараецца ў Беларусі.
Аляксандр Мілінкевіч: “Людзі мусяць ведаць, што падобныя праграмы былі рэалізаваныя ў Эстоніі, Польшчы, Славакіі і гэтак далей. У гэтым годзе пачынаем працу з польскімі экспертамі, і Бальцаровіч (польскі эканаміст, які распрацаваў праграму эканамічнай трансфармацыі для краіны ў 1990 гг. — заўв. Еўрарадыё) даў згоду, каб прааналізаваць, што было добрага і дрэннага ў рэформах, паспрабаваць выкарыстаць у нас. Гэта мае і прапагандны сэнс, каб людзі ведалі, як рабілі, напрыклад, палякі, і мы не паўтаралі чужых памылак”.
Варта дадаць, што на “Вечар салідарнасці з беларускім народам” былі запрошаныя лідар руху “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў і былы палітвязень Зміцер Бандарэнка. Яны маглі агучыць альтэрнатыўны план зменаў у Беларусі, але ў гэты вечар адсутнічалі.