Як турмы эканомяць дзясяткі тысяч долараў на харчаванні
Аршанская калонія №8 апублікавала план закупак харчавання на 2013 год: 185 тысяч яек, 300 тон хлеба і ні грама мяса.
28 студзеня Аршанская калонія №8 апублікавала план закупак харчавання на 2013 год. Сярод мноства пазіцый няма ні слова пра мяса. У калоніі расказваюць, што ялавічыну могуць замяніць курацінай. А мяса набудуць у… іншых калоніях і турмах.
“Ну вось птушка ёсць. А закупка мяса ажыццяўляецца ва ўстановах крымінальна-папраўчай сістэмы”.
У пастанове Саўміна, выдадзенай 21 лістапада 2006 года, пра птушку не гаворыцца нічога. Згодна з гэтым дакументам, кожны зняволены ў суткі павінен з’ядаць 90 грамаў мяса — свініны, ялавічыны альбо бараніны. Паклапаціліся міністры і пра тварог ды кісель, якія ў спісе закупак Аршанскай калоніі таксама адсутнічаюць.
Магчыма, варта верыць аршанскім турэмшчыкам, якія гавораць пра закупкі мяса ў іншых калоніях і турмах? Музыка Фёдар Жывалеўскі, які “гасцяваў” у Аршанскай калоніі з вясны 2010 па лета 2011 года, расказвае, што мясам у калоніі была курыца. Ды і тое мізэрнымі порцыямі.
“Мяса — гэта ў асноўным курыца. Кавалачкі курыцы, якія ў такім дробным стане праскакваюць у макаронах альбо ў пярловай кашы”.
Жывалеўскі збольшага наракае на кухню калоніі. Расказвае, што калі і былі паляпшэнні (больш кураціны ў макаронах), то звычайна падчас інспекцый з Дэпартамента выканання пакаранняў.
Алена Красоўская-Каспяровіч з арганізацыі “Платформа”, якая адстойвае правы вязняў беларускіх турмаў і калоній, расказвае, што больш за палову ўсіх скаргаў ад іх — патрабаванні палепшыць харчаванне.
“Скаргі на недастатковасць харчавання ў зняволеных складаюць больш за палову ўсіх зваротаў. І гэтая сітуацыя з адсутнасцю мяса ў рацыёне асуджаных у калоніі №8 — яна агульная. Зняволеныя практычна не бачаць мяса”.
Прычыны, з якіх за кратамі калоній і турмаў кураціна ператвараецца ў мяса, становяцца зразумелымі пасля нескладаных падлікаў. Згодна з тым жа планам закупак харчавання на 2013 год, Аршанская калонія збіраецца набываць 58 тон кураціны і хацела б заплаціць за іх прыкладна 1 мільярд 253 мільёны рублёў. А значыць — па 21 тысячы рублёў за кілаграм кураціны. Танна, але рэальна. Калі ж узяць сярэдні кошт на самае таннае мяса (свініну па 44 тысячы за кілаграм), выдаткі вырастуць больш чым удвая — прыкладна на 150 тысяч долараў за год. Неслабыя грошы. Прыдадуцца ў Год беражлівасці.