Якіх наступстваў чакаць ад сярэдняга заробку ў 500 долараў?
Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што нават сучасныя заробкі — завышаныя, а яшчэ большае іх павышэнне можа прывесці да фінансавага крызісу на прадпрыемствах і рост
Днямі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур патлумачыў, якім чынам мы
можам дасягнуць лічбы ў 500 долараў. Нагадаем, што сёння сярэдні заробак
складае 370 долараў. Такім чынам, павысіць яго трэба яшчэ на 130
долараў. Раней на гэта нам спатрэбілася ажно 10 год… Ці рэальны сёння
такі план? На гэты конт меркаванні эканамістаў разышліся.
Паводле словаў намесніка міністра эканомікі, заробак будзе павялічвацца
за кошт росту вытворчасці, зніжэння сабекошту, павышэння рэнтабельнасці і
паляпшэння эфектыўнасці гаспадарання.
“Усё тое, што казаў Тур, — даволі рэалістычна”, — лічыць эканаміст Павел
Данэйка. — “Тэхнічна гэта магчыма. Нармальная эканоміка такі варыянт
развіцця вытрымае. Іншая рэч, што на наступны год трэба будзе прымаць
пэўныя меры, каб стэрылізаваць пэўныя негатыўныя наступствы. Але гэта
таксама магчыма. Такі цыкл развіцця досыць апрабаваны ў Беларусі”.
Праўда, праз год-два давядзецца “расхлёбваць” наступствы такіх мераў. Але і з гэтым Беларусь справіцца, кажа Данэйка:
“Праўда, там ёсць наступствы — праз год, праз два. Але можна прымаць
іншыя крокі, якія гасяць гэтыя наступствы. Зразумела, што пасля выбараў
можна будзе прытармазіць рост заробкаў, рост інвестыцый узрасце… Гэта
нармальны сацыяльна-палітычны цыкл, які існуе шмат дзе. І ў Беларусі, і
нават у еўрапейскіх краінах — калі перад выбарамі павышаецца заробак, а
пасля выбараў ён трошку замарожваецца, усталёўваюцца эканамічныя
прапорцыі”.
Эканаміст Леанід Заіка лічбу ў 500 долараў лічыць занадта вялікай і
нават небяспечнай. Згодна з яго словамі, 70% заробкаў бярэцца з
банкаўскіх крэдытаў, што можа прывесці да банкаўскага крызісу:
“Прадпрыемствы не могуць самі сябе забяспечыць, усяго 47% з іх маюць
уласны абаротны капітал. Пенсіянеры нясуць грошы ў банкі на дэпазіты, а
пасля гэтыя грошы перадаюцца прадпрыемствам на заробак. Гэта вельмі
небяспечная рэч. Як правіла гэта можа прывесці да банкаўскага крызісу.
Заробак у Беларусі — гэта прыкладна 10% ад цаны створанай у краіне
прадукцыі. І калі мы павялічваем яго долю да 12%, то зніжаецца прыбытак
прадпрыемстваў. Прадпрыемствы ж у нас малапрыбытковыя. Гэта можа
прывесці да даволі моцнага фінансавага крызісу на прадпрыемствах”.
Акрамя гэтага рост заробкаў можа прывесці да павышэння цэн, кажа Леанід
Заіка. Эканаміст засцерагае, што з такімі "хворымі" ўяўленнямі аб
эканоміцы мы можам зваліцца ў даўгавую яму да Расіі або каго іншага:
“Мы гэта ўсё пабачым у тым, што будуць расці цэны. За ўсю гісторыю
Беларусі мы змаглі дасягнуць заробку ў 1 мільён. А цяпер за год хочам
зрабіць тое, што рабілі за 10”.
Цікава, што нават цяперашнія заробкі, якія часам не дасягаюць і 200
долараў, Леанід Заіка лічыць завышанымі:
“Увогуле гэта, вядома, мнагавата. Гэта апераджальная палітыка
стымулявання даходаў, адарваная ад рэальных магчымасцяў прадпрыемстваў і
іх вытворчасці”.