Ярмошына: “Дзе грошы патрацілі не на прэміі — там скрыні празрыстыя”

Найперш сакратар ЦВК Мікалай Лазавік расказаў, што вылучаць прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій можна да 26 верасня. А стварыць іх павінны да 29 верасня. Участкі для галасавання мусяць быць арганізаваныя да 17 кастрычніка. Вылучаць жа прадстаўнікоў у склад участковых камісій можна да 31 кастрычніка, і стварыць іх павінны да 3 лістапада. Вызначыў ЦВК па датах і дзеянні патэнцыйных кандыдатаў.

Мікалай Лазавік:
“Падача спісу сябраў ініцыятыўнай групы і заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы павінна адбыцца не пазней за 24 верасня. Рэгістрацыя сябраў ініцыятыўных груп і выдача ім пасведчанняў і падпісных лістоў — ЦВК на гэта даецца 5 дзён. Вылучэнне і збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам — з 30 верасня па 29 кастрычніка. Прадстаўленне падпісных лістоў у раённыя, гарадскія і тэрытарыяльныя камісіі — да 29 кастрычніка”.



Апроч таго, да 12 лістапада прэтэндэнты на кандыдата павінны падаць анкету, дэкларацыю аб даходах і маёмасці. З 13 па 23 лістапада кандыдатаў будуць рэгістраваць. Пасля гэтага пачнецца этап агітацыі. Што ж тычыцца датэрміновага галасавання, то яно будзе праходзіць з 14 па 18 снежня.

Асобна Лазавік адзначыў, што на гэтых выбарах кандыдатам далі магчымасць ад дня рэгістрацыі фармаваць індывідуальны фінансавы фонд.

Вось толькі, як высветлілася, парадак напаўнення гэтага фонда яшчэ нават не прапрацаваны ЦВК. Пра гэта расказала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына: “Рэч у тым, што кандыдаты ў нас з’явяцца толькі праз два месяцы. І парадак мы яшчэ падрабязна распрацуем. Адно магу сказаць: у фондзе можа быць сума, не большая за 300 базавых велічынь. Мы кажам пра суму каля 103 мільёнаў рублёў. Галоўная ўмова — гэта спонсарскія грошы грамадзян Беларусі і арганізацый Беларусі. Сродкі ад замежных грамадзян і арганізацый, бюджэтных арганізацый Беларусі, ад рэлігійных арганізацый у гэты фонд паступаць не могуць”.



А друкаваць, да прыкладу, дадатковую рэкламную прадукцыю за гэтыя грошы можна толькі ў беларускіх друкарнях. Дарэчы, ад дзяржавы кожны кандыдат атрымае па 2300 базавых велічынь (80 млн 500 тысяч рублёў) на перадвыбарную кампанію. А ў дадатак — эфір на тэлебачанні і радыё, месца на старонках газет.

Што тычыцца назіральнікаў на ўчастках, то правілы іх вылучэння амаль не змяніліся. Акрамя, кажа Мікалай Лазавік, аднаго.

Мікалай Лазавік: “Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні могуць у якасці назіральніка паслаць не толькі сябра сваёй арганізацыі, але і прадстаўніка, які не з’яўляецца сябрам партыі ці арганізацыі”.



Асобна Лазавік адзначыў, што кандыдат у прэзідэнты мае права прысутнічаць і назіраць за працэсам падліку галасоў. Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Лідзіі Ярмошынай, як можа кандыдат пракантраляваць працэс падліку галасоў на кожным выбарчым участку. Між тым, падчас апошніх парламенцкіх выбараў назіральнікі скардзіліся на тое, што старшыні выбарчых камісій падчас падліку галасоў ставілі іх у такія месцы, адкуль нічога не было відаць.

Лідзія Ярмошына: “І кандыдатам, і назіральнікам прадстаўленыя роўныя правы. Усе залежыць ад паводзінаў камісій і ад узаемаадносінаў. Працаваць будзем, прымушаць камісіі, каб усіх пускалі да стала!”

Што тычыцца таго, калі ў нас з’явяцца празрыстыя скрыні для галасавання, то, паводле словаў Ярмошынай, гэта залежыць ад таго, на што будуць траціць грошы выбарчыя камісіі — на прэміі сябрам камісій ці, да прыкладу, на выраб празрыстых скрынь.

Лідзія Ярмошына: “На тэрыторыі ўсяго Столінскага раёна, дзе зэканомленыя на выбарах грошы патрацілі не на прэміі, як робяць іншыя, а на выраб скрынь празрыстых, там яны усе празрыстыя. Там, дзе хочуць больш зарабіць і менш аддаць — яны робяцца з фанеры, якую выдзеліць мясцовыя школа альбо ЖЭК”.

Праўда, кажа, гэта адпавядае як міжнародным стандартам, так і пастановам ЦВК. Сама ж камісія нікому нічога не навязвае. Для іх, гаворыць Ярмошына, галоўнае — каб скрыні апячатваліся.

Асобна старшыня ЦВК паабяцала журналістам, што самым бліжэйшым часам дашле запрашэнне назіраць за выбарамі сваім калегам з Цэнтрвыбаркама Расіі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі