Ярмошына: Каб выбары былі вясёлыя, прэтэндэнтаў будзем цягнуць за вушы
Старшыня ЦВК прызналася, што Аляксандр Лукашэнка зацікаўлены, каб падчас выбараў у яго было як мага больш добрых і розных канкурэнтаў.
Выбары прэзідэнта Беларусі дэпутаты прызначылі на 19 снежня. Праўда, народны абраннік Анатоль Глаз
прапаноўваў правесці іх 6 лютага — у дзень заканчэння паўнамоцтваў
дзеючага кіраўніка краіны. Маўляў, трэба даць яму магчымасць цалкам
адпрацаваць свой тэрмін. Але астатнія дэпутаты калегу не падтрымалі.
Яшчэ падчас выступаў дэпутатаў на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч
пачаў агітаваць сваіх калег у час сустрэч з выбаршчыкамі "у родных
акругах" заклікаць іх галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. Нягледзячы на
тое, што ён яшчэ пра сваё жаданне балатавацца афіцыйна не заявіў.
Уладзімір Здановіч: “Часцей
за ўсё людзі задаюць такое пытанне: “Скажы дэпутат, а калі мы лепей
жыць будзем?” Адказваць можна пытаннем на пытанне: “А ці ж не створаныя
ўжо ўсе ўмовы для таго, каб чалавек жыў нармальна ў нашай краіне? Ці мы з
кімсьці ваюем, ці ў нас беспарадкі ў дзяржаве? Ці ж у нас стаяць з
шыльдамі беспрацоўныя і патрабуюць працы? Адукацыю можа кожны атрымаць
бясплатна, медыцынскія паслугі”. Напэўна, вы здагадваецеся, чаму гэта
адбываецца — бо ў краіне адчуваецца рука сапраўднага гаспадара. Напэўна,
вы ведаеце, пра каго я кажу. Так навошта некага шукаць?”
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, ці не з’яўляюцца гэтыя словы заўчаснай агітацыяй за кандыдата.
Лідзія Ярмошына: “Па-першае,
ён не называў прозвішча. Па-другое, ён мае права агітаваць. У нас
заканадаўства вельмі мяккае, яно не абмяжоўвае магчымасць агітацыі
толькі адным месяцам. Таму кожны кандыдат, будучы прэтэндэнт ужо можа
сябе рэкламаваць. Як і яго сябры”.
Па
словах Ярмошынай, ЦВК разглядала магчымасць правядзення выбараў і 12
снежня, і 6 лютага. Але прызначаная дата правядзення 19 снежня — самая
на яе погляд аптымальная. Грошы на выбары ўжо ёсць і нават дата другога
тура папярэдне вызначаная.
Лідзія Ярмошына: “37
мільярдаў закладзена на два туры галасавання. Пры гэтым — каля 27
мільярдаў гэта першы тур. І каля 11 мільярдаў — другі тур выбараў, калі
ён спатрэбіцца. А калі ён спатрэбіцца, то прайсці ён мусіць не пазней,
чым праз два тыдні. Але пры неабходнасці яго можна правесці і праз
тыдзень — 26 снежня”.
Парадак падачы дакументаў на
рэгістрацыю ініцыятыўных груп і ўсе астатнія неабходныя дакументы і
палажэнні ЦВК прыме 15 верасня на сваім пасяджэнні. Падаць дакументы на
рэгістрацыю груп патэнцыйныя кандыдаты павінны не пазней за 24 верасня. А
з 30 верасня пачнецца збор подпісаў за кандыдатаў. Участковыя камісіі,
кажа яна, будуць створаныя не пазней, чым за 45 дзён да выбараў.
Што тычыцца колькасці будучых кандыдатаў, то Ярмошына адзначыла:
"Мы
будзем рэгістраваць усіх, паверце. За вушы будзем цягнуць! Бо
зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі вясёлыя, актыўныя. Але асноўная
праблема са зборам подпісаў. На жаль, пачынаючы з 2001 года больш за
чатыры прэтэндэнты 100 тысяч подпісаў не збіраюць. Усе астатнія
прэтэндэнты не ў стане вытрымаць стотысячную норму”.
Па яе словах, калі б гэтая норма не была замацаваная канстытуцыйна, то ЦВК даўно б выступіла за больш ліберальныя нормы.
Таксама Ярмошына паабяцала, што на выбары будуць запрошаныя ўсе міжнародныя назіральнікі.
Лідзія Ярмошына: “Абавязкова
будуць запрошаныя. Такое палітычнае рашэнне было прынятае нават да
прызначэння даты выбараў. У бліжэйшыя дні МЗС Беларусі накіруе
запрашэнні ў адпаведныя міжнародныя арганізацыі, якія традыцыйна
займаюцца назіраннем за выбарамі”.
І прызналася, што ёй сам
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён за тое, каб падчас выбараў у яго было
як мага больш добрых і розных канкурэнтаў.
Фота: Змітра Лукашука