Яўген Карняг зазірне ў вашы страхі
Цалкам аўтарскі праект-эксперымент "Спектакль №7" закліканы агаліць самыя глыбокія чалавечыя пачуцці. Напрыклад, зазірнуць у вашы страхі.
Як распавяла Еўрарадыё дырэктар "Карняг-Тэатра" Марына Дашук, нягледзячы на тое, што прэм’ера ўжо зусім блізка, гатовага спектакля ў каманды яшчэ няма.
Марына Дашук: "Так, як працуе Жэня, усе мы, ды і ён таксама, зможам убачыць вынік толькі 10-га чэрвеня на прэм’еры".
Сам рэжысёр спасылаецца на тое, што ў працы ўлічвае і пажаданні актораў, таму з кожнай рэпетыцыяй да спектакля дадаецца што-небудзь новае. Але гэта зусім не азначае, што актор можа развіваць падзеі спектаклю на свой погляд, удакладняе Жэня:
Яўген Карняг: "Я яшчэ пакуль сам не ведаю, што гэта будзе. То бок касцяк ёсць, але ў ва што гэта выльецца – зусім не ясна. Сцэнарый і цалкам сюжэт - мае. І існуе вельмі жорсткая схема спектакля – па малюнку і агульным сцэнарыі. Акторы "варацца" у спектаклі і з кожнай рэпетыцыяй пачынаюць усё больш адчуваць яго. Кожны раз я бачу нешта новае, новае і што спектакль пачынае набіраць жыццё".
У "Спектакля №7" няма пэўнай драматургічнай асновы, тлумачыць Марына Дашук. То бок гэта абсалютна аўтарскі праект Жэні, сумесная эксперыментальная праца рэжысёра, актораў і мастакоў.
Марына Дашук: "Усё нараджаецца ў працэсе. Вось яшчэ ёсць час да прэм’еры, і гледзячы па рэпетыцыях тут яшчэ нешта прыдумваецца, дадаецца, мяняецца. Напрыклад, сёння я прыйшла на рэпетыцыю і даведалася, што ў нас ужо будзе іншы фінал. Насамрэч, у нас тут ідзе цудоўны працоўны працэс. Сапраўдны і творчы!"
Яўген Карняг – увогуле вядомы эксперыментатар. Мінчукі добра памятаюць яго мінулыя працы – напрыклад, "Не танцы" ці "Кафе Поглощение". Новы спектакль рэжысёра - таксама эксперымент, але ў адрозненні ад нашумелага "Кафе Поглощение" "Спектакль №7" вельмі тэатральны.
"То бок гэты спектакль пабудаваны па законах тэатра, – распавядае Марына. - Гэта не "Кафе Поглощение", дзе публіка ўдзельнічала на роўных з акторамі".
Тэма "Спектакля №7" – страх.
"Калі я рабіў "Не танцы", у мяне была тэма гвалту, і я развіваў яе, – тлумачыць Яўген Карняг. - Мне спадабалася працаваць падобным чынам. Калі ты бярэш тэму і спрабуеш зразумець, як гэта пачуццё ўплывае на чалавека. Што яно яму дае ці наадварот – адбірае".
Такая тэма для спектаклю з’явілася вельмі нечакана. Пасля праслухоўвання адной кампазіцыі, якую рэжысёр не раскрывае, Жэня зразумеў, што ў ім вельмі многа страха. Рэжысёр лічыць, што гэты спектакль можа стаць тэрапеўтычным.
Яўген Карняг: "Напрыклад, ува мне, як у Яўгене Карняге, вельмі многа страха, прычым зусім незразумелага. Мне было цікава разабрацца ў сабе, і ў многім гэтая праца – гэта псіхатэрапія ўласна мяне, актораў. І я разумею, што гэта будзе знаходзіць водгук у гледача".
Рэжысёр спадзяецца, што так, пасля спектаклю, кожны зможа задаць сабе пытанне: "А чаго баюся я?" і зможа знайсці на яго адказ.
"Я б хацеў, каб чалавек разабраўся ў сябе, задаўшы гэтае пытанне, – кажа Жэня. - І ці насамрэч страшна тое, чаго я баюся. Таму што многія рэчы, не маюць пад сабой матывацыі, і проста знікаюць пасля прагаворвання".
У "Спектакля №7" цудоўнае музычнае суправаджэнне – швейцарскі кампазітар Nik Bärtsch дазволіў рэжысёру выкарыстоўваць яго музыку ў спектаклі бясплатна.
Прэм’ера "Спектакля №7" – гэта магчымасць абазначыць новы этап развіцця сучаснага тэатра. Ды і самі акторы ўскладаюць на яго вялікія надзеі.
"Асабіста я чакаю, што ў беларускай тэатральнай прасторы ўсё ж такі з’явіцца сапраўдны спектакль, – прызнаецца Марына Дашук. - Я паглядзела апошнія прэм’еры нашых беларускіх спектакляў, і яны ўвогуле не адпавядаюць паняццю "сучасны тэатр". Нібыта ўсё загразла ў часе. Мне падаецца, што Жэневы працы адпавядаюць еўрапейскім сучасным спектаклям. І я спадзяюся, што глядач гэта таксама адчуе".