За "плошчу" судзяць нават выпадковых мінакоў
Людзі з пакупкамі, жанчыны, якія вярталіся з кавярні, нават замежныя госці, якія шпацыравалі па Мінску, былі затрыманыя 19 снежня.
Але на судзе ўсё адно атрымалі па 10-15 сутак.
Журналіст Еўрарадыё цэлы дзень 20 снежня правёў у Доме правасуддзя. Там судзілі больш за 100 чалавек, затрыманых падчас мітынгу 19 снежня. Як аказалася, у суд трапіла нямала людзей, якія нават не прыходзілі на плошчу і не мелі дачынення да акцыі апазіцыі.
Відэё з будынку суда 20 снежня
40-гадовая Аксана Сцяпанава, як і многія іншыя затрыманыя, правяла ноч у вельмі халодным аўтазаку, без ежы і пітва. Па словах жанчыны, яе проста выхапілі з таксі, калі яна ехала ад гатэля Crown Plaza па вуліцы Валадарскай. Аксана была ўпэўненая, што яе цалкам апраўдаюць.
На самім пасяджэнні з заведзеным пратаколам яна не пагадзілася.
Аксана Сцяпанава: "...Адчыняюцца заднія дзверы машыны, пярэднія. Людзі не ў форме былі, у цывільным.Дастаюць кіроўцу, ставяць яго да машыны, нешта крычаць, хапаюць. Адзаду пад'ехала машына ДАІ, стала за машынай таксі, мяне пасадзілі ў машыну ДАІ, вярнулі на Валадарскага ў машыны, пасадзілі і ўсё! Я і нагой на праспекце не стала!.."
Тым не менш суддзя прысудзіла Аксане... 10 сутак!
Яе маці ў поўным недаўменні – кажа, што нават спрабавалі ўзяць даведку ў кавярні "Біблос", дзе Аксана праводзіла час з сяброўкай.
Сяброўка Марына пацвярджае гісторыю: "Я была на сваёй машыне, мы рассталіся на вуліцы Кірава, там яна каля Crown Plaza перасела да нашага знаёмага таксіста. Я з'ехала на сваёй машыне, а яны паехалі па вуліцы Валадарскага, там іх на святлафоры і спынілі".
Відэё з залі паседжанняў: за што засудзілі Аксану Сцяпанаву?
Адзін з затрыманых па імені Ігар – чакае свайго судовага працэсу ў калідоры суда павернуты галавой да сценкі. Яго прысуд і месцазнаходжанне невядомыя.
Яшчэ адзін выпадак – з Сяргеем Родчанкавым.
Аляксей, бацька Сяргея ў будынку суда: "Абсалютна неадэкватная гісторыя! Ехала жонка з сынам на машыне па праспекце, насупраць галоўпаштампа супрацоўнікі АМАПа спынілі машыну, пабілі правае пасажырскае шкло, вывалаклі 20-гадовага сына, выцягнулі жонку, спрабавалі яе пабіць, але людзі пачалі крычаць “Што вы робіце?”, тады яны спужаліся..."
20-гадовага Сяргея завалаклі ў аўтазак. На працэсе ў якасці сведкі дапусцілі маці Сяргея, якая кіравала машынай, але суддзя ёй не паверыла. У выніку прысуд – 12 сутак!
Трэба адзначыць, што сям'я Родчанкавых нават мае знятае відэа проста з сваёй машыны, якое пацвярджае, што ні на якой плошчы Сяргей не быў.
На шэрагу судовых паседжанняў, дзе прысутнічаў журналіст Еўрарадыё, затрыманыя расказавалі, як яны выпадкова апынуліся ў раёне "хапуна" і як іх жортска пабілі. Прысуды былі няўмольныя – часцей за ўсё 10 і 15 сутак.
У офіс Еўрарадыё тэлефануюць людзі, якія расказваюць падобныя гісторыі пра сваіх сяброў і сваякоў. Адзін малады чалавек быў сведкам затрымання двух сваіх сяброў з Баранавіч – Аляксандра Папко і Кірыла Немаляева. Па яго словах, хлопцы проста спыталі міліцыянта, як прайсці да прыпынку аўтобуса №100. Дзе яны знаходзяцца і колькі прысудзілі, невядома.
З хуткіх перамоў з затрыманымі, якія чакалі сваёй чаргі перад чарговым хуткім судовым працэсам, Еўрарадыё даведалася, што забіралі і людзей, якія ішлі з крамаў – напрыклад, з навагодняй ёлкай.
Факт затрымання і асуджэння мінакоў пацвярджаюць і журналісты. Журналіст Андрэй Пачобут, які правёў у аўтазаку ноч з 19 на 20-га снежня, паведаміў у судовым калідоры, што сярод затрыманых было даволі шмат выпадковых мінакоў.
Па ацэнцы затрыманага ноччу 19 снежня журналіста Кастуся Лашкевіча, выпадковых затрыманых у Маскоўскім РАУСе было яшчэ болей.
Кастусь Лашкевіч: "Адзін хлопец, студэнт, расказаў, як хацеў патрапіць у метро. Паколькі станцыя “Кастрычніцкая” была зачыненая, то ён пайшоў на “Плошчу незалежнасці”. І ён патрапіў пад “хапун” ля гасцініцы “Мінск”. Я думаю, даволі шмат было такіх людзей".
Яшчэ адна гісторыя ад Кастуся.
Кастусь Лашкевіч: "Яшчэ два хлопцы былі на лёгкім падпітку, яны паміналі смерць дзеда аднаго з іх у кавярні. Прычым адзін з хлопцаў прыехаў літаральна ў той самы дзень з Санкт-Пецербургу. Калі ён сказаў гэта спецназаўцу, які трымаў нас у аўтазаку, то той адказаў: “Ты што, не ведаеш, што ў Беларусі выбары? Трэба дома сядзець, а не па вуліцах бадзяцца!"
Адзначым, што змест мноства пратаколаў па затрыманых, якія разглядала суддзя Наталля Пратасавіцкая, былі абсалютна ідэнтычныя. Кожны пратакол гучаў слова ў слова: "Прыня (ў/ла) удзел у несанкцыянаваным мітынгу на Плошчы незалежнасці, на правядзенне якога адсутнічала адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама, у ходзе якога крычала лозунгі “Жыве Беларусь!”, “Сыходзь!”. На неаднаразовыя патрабаванні міліцыі завяршыць супрацьпраўныя дзеянні не рэагава (ў/ла) і паруша (ў/ла) устаноўлены парадак правядзення мітынгу і вулічнага шэсця"
Ні на водным з 10 працэсаў, дзе давялося пабываць Еўрарадыё, не прысутнічаў ніводны сведка, ад імя якога складаўся пратакол. Большасць прысудаў – 10 і 15 сутак. Затрыманым сталым людзям за 60 гадоў давалі штраф 1 мільён 50 тысяч.