Еўрарадыё знайшло "супергероя" з нашых фотарэпартажаў!
Дадалося інтэрв'ю з жонкай Сяргея Крукоўскага Аленай.
Сяргей Крукоўскі (тады мы яшчэ не ведалі яго імя і прозвішча) стаў героем фотарэпартажу Еўрарадыё з адной з чэрвеньскіх маўклівых акцый (фота было вельмі папулярным у сацыяльных сетках). Тады ён застаўся на волі, а ў сераду, 13-га, патрапіў за краты. Людзі ў цывільным схапілі яго на сталічнай плошчы Якуба Коласа. Сяргей быў асуджаны на 8 сутак арышту.
***
Жонка Сяргея Крукоўскага: Сітуацыя так прыціснула, што няма сілаў цярпець, і страх адступіў на другое месца
Еўрарадыё: Раскажыце, што насамрэч у Сяргея "бэтманаўскага" ёсць, бо ён выглядае як сапраўдны кінагерой, калі яго нясуць у аўтобус?
Алена: “Насамрэч ён ніякая не зорка — сціплы хлопец, ніколі нічым не кічыўся. Проста ён такі пазітыўны чалавек у жыцці і не маркоціцца нават у самых складаных сітуацыях”.
Еўрарадыё: Ці на ўсе акцыі ходзіць Сяргей?
Алена: “Не, ён хадзіў не на ўсе акцыі. Мы хадзілі на нейкую з першых акцыяў, калі з’явіліся гэтыя фатаздымкі, але справа ў тым, што ў яго дастаткова складаная праца і ён увесь час загружаны”.
Еўрарадыё: Калі не сакрэт, якая праца, чым займаецца ваш муж?
Алена: “Ён працуе у будаўнічай арганізацыі майстарам, на будоўлі працуе”.
Еўрарадыё: А як да яго ставяцца калегі па працы, не ведаеце? Ці ёсць нейкая салідарнасць з Сяргеем у ягоным падыходзе да таго, што адбываецца, ці ходзіць ён адзін на акцыі? Бо на здымках ён заўсёды адзін — вясёлы, забаўны, але побач з ім няма нікога апроч міліцыянтаў.
Алена: “Я хадзіла на адну з акцыяў. І хадзілі нейкія яго сябры. Я ведаю, што на працы яго людзі падтрымоўваюць, але не думаю, што там нехта выходзіў на вуліцы. Бо, вы ж разумееце, у людзей страх, страх згубіць працу, а тыя, хто могуць перакрочыць праз свой страх, тыя выходзяць на вуліцу”.
Еўрарадыё: Сяргей не баіцца страціць працу?
Алена: “Думаю, што баіцца. Але сітуацыя, якая склалася ў нас у краіне, так прыціснула, што няма сілаў цярпець гэта ўсё і страх адступіў на нейкае другое месца. У нас малое дзіця, хочацца, каб гэтае дзіцё жыло ў вольнай краіне і жыло без страху. Дзеля дзіцёнка вырашылі выказаць такі пратэст”.
Еўрарадыё: Ведаем, што Сяргей сядзіць “на сутках”. Колькі яму далі?
Алена: “Яго арыштавалі на 8 сутак. Суд быў поўным абсурдам. Мы выбівалі адваката, мы хадайнічалі, каб выклікалі двух сведкаў, якія сведчаць, што ён там "нецэнзурна лаяўся, махаў рукамі і перашкаджаў грамадскаму парадку". Не ведаю, ці мы выклікалі яшчэ большы гнеў суддзі, але гэта прагучала, як здзек, калі яна сказала, што улічваючы, што ў нас маленькае дзіця, і гэта змякчальная акалічнасць — і майму мужу даюць 8 сутак.
Мне зараз самае галоўнае — знайсці хоць некалькіх сведкаў, якія тады былі на плошчы і могуць пацвердзіць, што мой муж у момант затрымання размаўляў па тэлефоне і нікога не чапаў. Яшчэ ўчора мы падалі скаргу ў гарадскі суд. У панядзелак будзе разгляд гэтай справы і калі будуць паказанні сведкаў, то я спадзяюся, што мы нешта зможам зрабіць”.
Дзякуем усім, хто дапамог нам даведацца пра лёс Сяргея і скантактавацца з сям'ёй!