Затрыманы намеснік гендырэктара "Белэнерга" Міхаіл Лузін?
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла крыніца ў канцэрне. Працоўны тэлефон Лузіна не адказвае, а ў прыёмнай кажуць, што яго няма і калі будзе — невядома.
Міхаіл Лузін у "Белэнерга" курыруе пытанні знешнеэканамічнай дзейнасці і інвестыцый, а таксама закупкі тавараў для будаўніцтва "пад ключ".
Яго затрыманне можа быць звязана з расследаваннем крымінальнай справы па зрыву тэрмінаў пастаўкі і ўводу ў эксплуатацыю паратурбіннай ўстаноўкі для Бярозаўскай ДРЭС. Справу расследуе Следчы камітэт Беларусі. Дарэчы, у СК наўпрост затрыманне Еўрарадыё не пацвердзілі, але і не абверглі.
Прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова: "На падставе аналізу атрыманых доказаў, следства мяркуе, што ў дзеяннях службовых асобаў Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, ААТ "Белэнергазабеспкамплект" і "Белэнерга" ўгледжваецца склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 428 Крымінальнага кодэкса Беларусі — службовая халатнасць. Па справе прызнаныя падазраванымі шэраг службовых асоб дзяржаўнага аб'яднання "Белэнерга" і ААТ "Белэнергазабеспкамплект".
На думку следства, неналежнае выкананне службовымі асобамі сваіх абавязкаў прывяло да заключэння дамовы на пастаўку абсталявання з кампаніяй, якая раней паратурбінныя ўстаноўкі заяўленых параметраў не вырабляла і па сваіх фінансава-эканамічных паказчыках не магла гарантаваць выканання дамоўных абавязкаў у належныя тэрміны.
Нагадаем, што 16 красавіка ў беларускага кіраўніка прайшла нарада па развіцці энергетыкі. На ёй Лукашэнка заявіў, што энергетыкі збудавалі сваю дзяржаву ў дзяржаве ды яшчэ "з элементамі банды і мафіі". 18 красавіка былі звольненыя міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, яго першы намеснік Эдуард Таўпянец і генеральны дырэктар "Белэнерга" Аляксей Шырма.
22 красавіка новым міністрам энергетыкі стаў Уладзімір Патупчык, а Яўген Воранаў узначаліў "Белэнерга".
Фота — 5min.by і energo.by