ЖЭС: “Калі ў вас няма грошай, плаціце хаця б палову” (Відэа)

111118 Nasta Dolgi.mp3

У разліковым цэнтры аднаго са сталічных ЖЭСаў запэўніваюць, што ідуць на саступкі, калі ў вас цяжка з грашыма. Для гэтага трэба прыйсці і напісаць распіску, што вы абавязваецеся выплаціць усю пазыку пазней...


ЖЭС: "Заўсёды, канешне, уваходзяць у становішча людзей… Які тэрмін вы маеце на ўвазе?"


Еўрарадыё: "Напрыклад, у мяне цяпер няма працы, але я ведаю, што праз тры месяцы пачну працаваць і ў мяне з’явяцца грошы…"


ЖЭС: "Калі гэта тры месяцы, то мы ідзем чалавеку на саступкі. Трэба напісаць распіску — я, такі-то, такі-то, абавязваюся выплаціць запазычанасць за камунальныя паслугі да такога-то дня. Прашу не адключаць камунальныя паслугі".


Больш за тры месяцы не плаціць камуналку вам не дазволяць. Плаціце хоць частку, раяць у ЖЭСе.


ЖЭС: “…хоць тысяч 50-60, каб бачна было, што чалавек хоць штосьці стараецца, штосьці плаціць… Бачна, што вы спрабуеце штосьці заплаціць — па палове хаця б, каб былі бачныя нейкія налічэнні...”.


Нагадаем, за месяц пазыка Беларусі перад “Газпромам” вырасла на 54 мільёны долараў. На 1 кастрычніка агульная сума пазыкі склала 601,8 мільярда рублёў — гэта 106,7 мільёна долараў.


Такім чынам, за месяц пазыка перад “Газпромам” узрасла ў 2 разы. Улічваючы, што ў зімовы сезон спажыванне прыроднага газу павялічваецца ў 2-3 разы, у лістападзе можна чакаць рэзкага павелічэння роста запазычанасці.


Чаму ж беларусы не знаходзяцца ў роўных умовах з краінай, дзе жывуць? Нават калі вам і дазволяць нейкі час не плаціць за камуналку, то пеня ў любым выпадку будзе налічвацца — 0,3% за кожны (!) пратэрмінаваны дзень.


ЖЭС: “Лепш за ўсё патроху плаціць. Ёсць грошыкі — трошку аплаціць. У кагосьці са знаёмых перапазычыць, пасля ізноў аплаціць… Таму што цяпер зімовы перыяд, невядома, у якую суму выльецца ацяпленне… Бо за кожны дзень пратэрміноўкі налічваецца 0,3% пені”.


Еўрарадыё: “А ці нельга дамовіцца, каб пеня не ішла?”


ЖЭС: “Нельга, канешне. Гэта ж бачна, гэта ўжо будуць фінансавыя парушэнні, ніхто на гэта не пойдзе!”.
Еўрарадыё: “Атрымліваецца, што нават калі я дамоўлюся, каб мне не адключалі камунальныя паслугі, пеня ўсё адно будзе ісці?”


ЖЭС: “Так, пеня ідзе вялікая. 0,3% за кожны дзень пратэрміноўкі ад той сумы, якая ёсць”.


За двухпакаёвую кватэру ў кастрычніку беларусам трэба заплаціць каля 130-ці тысяч. Гэта значыць, што за кожны месяц адтэрміноўкі вы мусіце заплаціць 12 тысяч пені. А за тры — ажно 36 тысяч!

Калі б дзяржава аддавала пазыку на тых самых умовах, што і насельніцтва, то за кожны дзень пратэрміноўкі (0,3% пені) мусіла б заплаціць ажно 318 тысяч долараў! За месяц гэта — амаль 10 мільёнаў долараў.


Для насельніцтва ж застаецца яшчэ адзін варыянт — вы можаце пайсці працаваць у сам ЖЭС, там вылічаць камуналку з вашага заробку.


ЖЭС: “…цяпер дворнікаў не хапае. Пішаце ў бухгалтэрыі заяву, і там вылічваюць з заробку... Але ўвогуле на любым прадпрыемстве можна напісаць у бухгалтэрыю заяву, і будуць вам камуналку вылічваць з заробку”.


Еўрарадыё запытала мінакоў на вуліцах Мінску, што яны робяць, калі ім не вяртаюць пазыку. Вось такія былі адказы:


— Я не пазычаю нікому грошай, калі паміж намі.
— Магчыма, давялося б і сілай, усё залежыць ад сумы.
— Злуемся вельмі моцна. Можна нагу зламаць, пасля — другую.
— Назвоньваю…
— Мне заўсёды сорамна сказаць чалавеку, што ён мне вінны, нават калі разумею, што грошы — мае.
— Я дарую, калі да 30 тысяч. Пасля — ветліва патрабую.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі