Жыхар Брэста 13 гадоў змагаўся за прыватызацыю свайго дома
Праваабаронцы дамагліся, каб "Брэстгіпразем" за ўласны кошт прыватызаваў маёмасць Міхаіла Лукашэвіча.
"Хаджэнне ад кабінета да кабінета" для яго пачалося ў 2000 годзе. Для афармлення патрэбных дакументаў брэстаўчанін звярнуўся ў Праектны інстытут "Брэстгіпразем". За паслугі прадпрыемства мужчына заплаціў загадзя і ўсю суму, аднак супрацоўнікі праектнага інстытуту не вельмі спяшаліся з выдачай дакументаў. Яму параілі пачакаць да новых змен у заканадаўстве, разам з якімі ўзнялася і аплата за дакументы.
Са спадара Лукашэвіча сталі патрабаваць больш грошай, на што ён прынцыпова не пагадзіўся, бо свае абавязкі ў дамове з "Брэстгіпраземам" выканаў. Пасля амаль 13 гадоў абскарджаванняў у самых розных інстанцыях, якія не прыносілі вынікаў, Міхаіл Лукашэвіч звярнуўся па кансультацыю да мясцовых праваабаронцаў.
Уладзімір Вялічкін, супрацоўнік праваабарончага цэнтру "Вясна", дапамог брэстаўчаніну звярнуцца ва ўстановы, у якія той яшчэ не скардзіўся. У выніку Міхаіл Лукашэвіч атрымаў станоўчы адказ з Ўпраўленне дзяржаўнай камунальнай маёмасці, расказвае праваабаронца.
"Сутнасць менавіта гэтага ліста ў тым, што праектны інстытут мусіць завершыць афармленне дакументаў за кошт сродкаў прадпрыемства. Лукашэвіч не змог зарэгістраваць свой зямельны надзел менавіта праз віну гэтага праектнага інстытута".
Сам жа Лукашэвіч кажа, што паверыць у выкананне законаў толькі тады, калі ўласнаручна атрымае дакументы на рэгістрацыю. Тым не менш, паводле слоў Уладзіміра Вялічкіна, "справа Лукашэвіча" — унікальная у праваабарончай практыцы:
"Мы лічым, што ўчынак спадара Лукашэвіча, можна сказаць, гераічны на сённяшні дзень. Гэта адна з нешматлікіх, унікальная перамога грамадзяніна, берасцейца, над чынавенствам, якое столькі гадоў марнавала ягоны час, сілы і нервы".
Як адзначыў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, пасля атрымання дакументаў можна будзе ўзняць пытанне і аб кампенсацыі ад “Брэстгіпразема” за спазненне на 13 гадоў.
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”
Праваабарончая праграма “Кардыяграма” выходзіць шточацвер а 17 гадзіне