Жыхарка Шаркаўшчыны амаль 3 гады судзіцца за 2 соткі зямлі

130321_samaabarona.mp3

У  2001 годзе Анфія Далецкая набыла ў пасёлку Шаркаўшчына жылы дом з участкам 18 сотак. Дом аказаўся нядрэнным, а вось з суседам ёй не пашанцавала. Паводле слоў жанчыны, яе сусед  — Яўген Лысёнак, дырэктар Глыбоцкай аўтабазы — паспрабаваў перасунуць мяжу ўчастка на некалькі сотак на сваю карысць.

Тады спадарыня Далецкая разам з мужам перамерылі сваю тэрыторыю згодна з тэхнічным пашпартам участка. І высветлілася, што яны не толькі нічога не павінны суседу, але, наадварот, сусед незаконна ўзараў кавалак участку. 

Фота: Яўген Лысёнак падоўжыў плот


Мірным шляхам вырашыць канфлікт не ўдалося, і тады жанчына звярнулася ў Шаркаўшчынскі райвыканкам з просьбай разгледзець зямельную спрэчку. У райвыканкаме для разгляду гэтай справы стварылі камісію, расказвае Анфія Далецкая:

"Калі прыехала камісія, то яна склала акт на маю карысць. Выявіла, што спрэчны кавалак паводле закону належыць мне, я выплачвала за яго падаткі. А Лысёнак самавольна забраў у мяне 2 соткі зямлі. Бо камісія зарэгістравала, што замест 17,9 соткі ў мяне засталося 16. Начальнік зямельна-будаўнічай службы адправіў у Віцебск акт у гіпразем для дзяржаўнай рэгістрацыі".


Аднак у Віцебску ўчастак так і не зарэгістравалі. А калі Анфія Далецкая паспрабавала даведацца, у чым прычына, ёй адказалі, што мясцовы райвыканкам змяніў рашэнне камісіі на карысць дырэктара аўтапарку, а спецыяліста з камісіі райвыканкаму, які займаўся гэтым пытаннем, звольнілі. У выніку, Анфія яшчэ засталася вінная суседу паўсоткі.

Жанчына вырашыла працягнуць змаганні ў судовым парадку. Разбіральніцтвы з Яўгенам Лысёнкам цягнуцца ўжо тры гады і за гэты час высветлілася, што дырэктар аўтапарку больш чым 30 гадоў плаціў падатак толькі з 8 сотак, а фактычна карыстаецца 17. Праўда, суд так і не змог высветліць, за кошт якіх земляў і на якой падставе ўчастак Лысёнка павялічыўся ўдвая, працягвае Далецкая:

"Суддзя запытала ў Лысёнка: чаму вы 34 гады не плацілі падаткі? Калі вы лічыце, што гэта вашая зямля, чаму яе не зарэгістравалі? Мала таго, што ў  мяне 2 соткі забраў, дык у дзяржавы, незаконна прысвоіў сябе зямлю. Камісія зарэгістравала, што ён карыстаецца 17 соткамі, а ў судзе высветлілася, што валодае толькі 8 соткамі".


Тым не менш Пастаўскі раённы суд прымае бок дырэктара аўтапарку, у сваю чаргу Далецкая прайшла ўсе інстанцыі ў раёне і вобласці. Цяпер жанчына збіраецца звярнуцца ў Вярхоўны суд. 

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма.

Праваабарончая праграма “Кардыяграма” выходзіць шточацвер а 17 гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі