Змітру Бандарэнку па стане здароўя нельга нават сядзець

Еўрарадыё: Вядома, што сёння вашага мужа Змітра Бандарэнку перавядуць у турму. У якім ён цяпер стане?

Вольга Бандарэнка: Ужо перавялі. Я бачыла, як машына ўязджала ў вароты Валадаркі. Здароўе, як кажуць ўрачы, здавальняючае. А ўсё астатняе будзе залежыць толькі ад рэабілітацыі. Змітру нічога нельга падымаць звыш 4 кг., у асноўным, ляжаць, увогуле нельга сядзець. Калі гэта не будзе выканана, то могуць быць кепскія наступствы.

Еўрарадыё: Ці вы ведаеце, колькі часу Зміцер будзе на Валадарскага?

Вольга Бандарэнка: Я пакуль гэтага не ведаю. Заўтра будзе прыём медыцынскі, я пайду размаўляць з доктарам, можа, яна нешта паведаміць, колькі яго збіраюцца трымаць у бальніцы. Бо як толькі яго з бальніцы выпішуць, ён адразу паедзе ў калонію, і яго прыбыццё на Валадарскага залежыць толькі ад таго, колькі яго збіраюцца там лячыць.

Еўрарадыё: Нават сам этап – гэта таксама цяжкі фізічны высілак, калі чалавек нават сабе сам не можа шнуркі завязаць, бо пасля гэтай аперацыі гэта проста немагчыма...

Вольга Бандарэнка: Так. Мяне гэта вельмі палохае. Мне распавядалі, як адбываюцца этапы – ноччу, калі цябе ставяць на калені, ззаду торба, вакол сабакі. Усе кажуць, што нават здаровым людзям гэта складана прайсці. Я не ўяўляю Дзіму ў гэтай сітуацыі... Але, як ён піша, прызвычаіўся жыць адным днём на дадзеным этапе, і як будзе, то так будзе.

Еўрарадыё: Ці магчымая цяпер ваша з мужам сустрэча, калі ён знаходзіцца на Валадарскага?

Вольга Бандарэнка: Сёння я даведалася, што я да канца года маю права на тры кароткія спатканні, іншая справа, што гэта магчыма ў магілёўскай калоніі, да якой ён прыпісаны, і ў якой ён пакуль і не быў. Як гэта будзе на дадзеным этапе вырашацца, пакуль ён у турэмнай бальніцы, я не ведаю. Але кароткія спатканні тут немагчымыя, бо ён не можа сядзець, а спатканне тут можа адбывацца толькі седзячы, бо вельмі кароткі шнур ад тэлефоннага апарата... Таму гэта проста немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі