Reuters: Беларусь вядзе перамовы пра закупку нафты з Саудаўскай Аравіяй
Саудаўская Аравія актывізавала перамовы пра дадатковыя пастаўкі нафты. Найперш саудыты вядуць перамовы з тымі, хто купляе расійскі гатунак нафты Urals, паведамляе агенцтва Reuters.
Мяркуецца, што такім чынам Саудаўская Аравія адказвае на выхад Масквы з дамовы OPEC+. Крыніца Reuters у буйной нафтавай кампаніі так ахарактарызавала іх дзеянні: "Яны грукаюць ва ўсе дзверы: бярыце танна і шмат. Яны размаўляюць з усімі пакупнікамі (Urals)".
Як вядома, да апошняга часу Беларусь закупляла нафту менавіта гэтай маркі ў Расіі. Але з 1 студзеня пастаўкі расійскай нафты былі спыненыя, бо Мінск і Масква не дамовіліся пра памеры прэміі для расійскіх нафтавых кампаній за пастаўкі.
Пасля гэтага наша краіна стала шукаць нафту ў іншых пастаўшчыкоў: перамовы вяліся аб рэверсных пастаўках нафты з Польшчы, а таксама Беларусь стала купляць нафту ў Азербайджане. Паводле інфармацыі Reuters, ідуць перамовы і з Саудаўскай Аравіяй. "Мы ўжо даўно працуем у гэтым кірунку. Мы з саудытамі ў Лондане сустракаліся. Цяпер цэны ў іх проста выдатныя", — сказала агенцтву крыніца ў Беларусі.
За апошні тыдзень Саудаўская Аравія правяла перамовы з такім традыцыйнымі пакупнікамі Urals, як фінская кампанія "Neste Oil", шведская "Preem", француская "Total" і азербайджанская "SOCAR".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.