“Рэжыму патрэбныя байцы інфармацыйнага фронту”: навошта новы “Чэчка”?
Паляк Марцін Мікалаек, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, можа аказацца цікавейшым для дзяржпрапаганды, чым загінулы Эміль Чэчка. Але “чэчкі” і “мікалайкі” асабліва не дапамогуць мясцовым “азаронкам”, лічыць палітык Анатоль Лябедзька.
Ён расказаў Еўрарадыё, чым Чэчка адрозніваецца ад Мікалайка і чаму з’яўленне яшчэ аднаго дзіўнага паляка ў Беларусі — гэта не трэнд.
— Прыклад Чэчкі няўдалы для рэжыму. Іншая рэч, калі б з яго атрымаўся таленавіты прапагандыст, які б сядзеў побач з Азаронкам і нешта расказваў як эксперт па Польшчы. Але ён аказаўся вельмі слабы ў гэтым і, думаю, проста не вытрымаў псіхалагічнага стрэсу. Чаканні ў яго былі, відаць, што ён будзе завернуты ва ўвагу, нейкую пашану. Фактычна, я б сказаў, што Чэчку забіў і беларускі рэжым. Ён не дае людзям надзеі, нават такім спецыфічным, як Чэчка, — кажа Анатоль Лябедзька. — З Мікалайкам усё ж іншая сітуацыя. Калі Чэчка — выпадковы чалавек з няўстойлівай псіхікай, то гэты экземпляр — чалавек, які прадстаўляе рускі свет. Падаецца, што ён робіць гэта свядома, хаця, можа, і за грошы. Тут можа спрацаваць перспектыва яго даўжэйшага выкарыстання беларускімі прапагандыстамі.
Пры гэтым асаблівага эфекту ад з’яўлення Мікалайка ў інфармацыйнай прасторы не будзе, упэўнены суразмоўца.
— Рэжыму патрэбныя байцы інфармацыйнага фронту. І, вядома, адных беларусаў а-ля Азаронак недастаткова. Таму ці шукаць іх недзе ў Польшчы і плаціць, ці тут ён будзе сядзець проста пад рукой на нейкай кватэры і яго будуць перыядычна выкарыстоўваць. Але падкрэслю, што пералому ў інфармацыйнай вайне ўсё роўна не будзе пасля з’яўлення такіх асобаў. Хто цяпер памятае пра Чэчку? Журналісты, актывісты?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.