РФ губляе на вайне самалёты ў 20 разоў хутчэй, чым можа іх замяніць — Forbes
Украінцы хутка перасоўваюцца каля лініі фронту і наладжваюць засады на расійскія самалёты
РФ губляе на вайне самалёты ў 20 разоў хутчэй, чым можа іх замяніць, піша часопіс Forbes. Амерыканскае выданне спрабуе высветліць таямніцу поспеху Узброеных сіл Украіны, якія апошнім часам нанеслі значныя страты расійскай ваеннай авіяцыі. За дзесяць дзён былі збітыя 10 расійскіх самалётаў: дзевяць знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў Су-34 і Су-35, а таксама самалёт-радыёлакатар А-50.
Мяркуецца, што мабільныя групы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны атрымалі частку ўстановак Patriot. Яны хутка перасоўваюцца каля лініі фронту і наладжваюць засады на расійскія самалёты. Пры гэтым выкарыстоўваюцца ракеты PAC-2 далёкасцю да 145 кіламетраў. Пасля іх запуску групы хутка перадыслакуюцца. Выданне лічыць, што ўкраінцы падцягнулі да лініі фронту і некаторыя з ПЗРК NASAMS, якія могуць наносіць удары да 40 км.
Актыўнае выкарыстанне Patriot і NASAMS можа прывесці да таго, што ва Украіны хутка скончацца ракеты да іх. Як вядома, пастаўкі з ЗША скончыліся ў канцы мінулага года. З іншага боку, расійская аэракасмічная прамысловасць ва ўмовах санкцый не можа хутка аднавіць страты, спрабуе вырабляць больш за некалькі дзясяткаў новых баявых самалётаў за год. А яшчэ ёсць праблема недахопу вопытных экіпажаў.
Яшчэ адна прычына вялікіх страт расійскіх ваенных самалётаў — яны сталі рабіць больш баявых вылетаў бліжэй да лініі фронту, каб падтрымліваць наступ сваіх войскаў. Раней расіяне баяліся гэта рабіць, але цяпер "пераадолелі страх". Пры гэтым расійскія пілоты ўсё часцей не заўважаюць украінскіх ракетных пускаў.
"Абодва бакі марнуюць рэсурсы, якія яны не могуць аднавіць... праводзяць кароткатэрміновыя кампаніі, якія, як яны спадзяюцца, забяспечаць ім доўгатэрміновую перавагу, — піша Forbes. — Украінскія Узброеныя сілы, відавочна, імкнуцца выкарыстоўваць апошнія ракеты Patriot і NASAMS, каб знясіліць расійскія ваенна-паветраныя сілы і перадухіліць будучыя ўсплёскі бамбаванняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.