Робасабакі больш не танцуюць — яны носяць з сабой агнямёт. #ІхНоравы
#ІхНоравы
Аляксандр Лукашэнка кажа, што апазіцыя збіраецца аджаць у Беларусі... Кобрынскі раён. А потым звернецца да NATO і ўвядзе туды войскі.
Калі вы думалі, што гэта самая неверагодная навіна дня, то вы яшчэ не ведаеце, што адбываецца ў свеце.
Рэжысёры Netflix не паспяваюць за рэальнасцю
ААН хацела забараніць выкарыстанне ядзернай зброі ў космасе. Адпаведную рэзалюцыю вынеслі на галасаванне. Адкуль наогул такая ідэя? Проста выведка ЗША кажа, што Масква спрабуе распрацаваць ядзерную прыладу, якая будзе ў стане знішчаць спадарожнікі.
Але Расія наклала вета на рэзалюцыю: разам з Кітаем Масква патрабавала забараніць размяшчэнне ў космасе не толькі ядзернай, але наогул любой зброі. Але ЗША іх папраўку не падтрымалі.
Пасля няўдалага галасавання па рэзалюцыі пасол ЗША ў ААН сказала, што збітая з толку. Маўляў, Расія, чаму? Чаму, калі вам няма чаго хаваць, вы не хочаце падтрымаць гэты тэкст?
Пасол Расіі адказаў: "Мы хочам забараніць размяшчэнне любога віду зброі ў касмічнай прасторы, а не толькі зброі масавага знішчэння. Але вы гэтага не хочаце. І дазвольце мне задаць вам тое ж пытанне. Чаму?"
Ядзерны выбух у космасе можа знішчыць тысячы спадарожнікаў, у тым ліку такіх, якія патрэбныя для сувязі, навукі, прадказання надвор'я, для працы ў сельскай гаспадарцы і нават для гандлю. Мы ўсе вельмі залежым ад спадарожнікаў.
Чытаеш гэтыя навіны і разумееш, што рэжысёры Netflix не дапрацоўваюць.
Венецыя не парк атракцыёнаў
У Венецыі будуць браць па 5 еўра з турыстаў, якія прыехалі на дзянёк. І такім чынам яна стане першым у свеце буйным горадам, які перайшоў на такую схему.
Гэтак Венецыя спрабуе абараніць сябе ад празмернага турызму і адпужаць тых, хто едзе паглядзець на горад адным вокам. Навошта? Ну, таму што людзям хочацца там усё ж такі жыць, а не выжываць у натоўпах турыстаў.
Але ёсць і тыя, хто задаволены такімі захадамі — прынамсі, улады хоць нешта спрабуюць рабіць, каб абараніць горад і яго жыхароў ад празмернай любові турыстаў.
"Мулен-Руж" склаў крылы
Вятрак на вяршыні сусветна вядомага кабарэ-клуба "Мулен Руж" згубіў лопасці. Яны літаральна абваліліся, і ніхто не ведае, чаму. У паліцыі кажуць, што пацярпелых няма.
Цяпер навучым вас пазітыўнаму мысленню: крылы ў млына маглі адваліцца пасярод Алімпійскіх гульняў, да якіх застаецца толькі 3 месяцы. Так што добра, што яны не сталі чакаць і зрабілі гэта зараз — да Алімпіяды можна ўсё выправіць.
Сабака-тэрмінатар
Кампанія Throwflame прэзентавала робата-сабаку. Ды не абы-якую, а з агнямётам. Яго назвалі Тэрманатарам.
Ён каштуе крыху больш за 9 тыс. долараў, і яго можа купіць хоць чалавек, хоць дзяржава. Ім можна кіраваць дыстанцыйна, і ён можа шпурляць струмені агню на адлегласць да 9 мэтраў.
Сабачка:
NEW - Throwflame unveils the "Thermonator" — the first-ever flame-throwing quadruped robot dog. pic.twitter.com/RKjurmSpEX
— Disclose.tv (@disclosetv) April 23, 2024
Кампанія мяркуе, што робата можна выкарыстоўваць для барацьбы з ляснымі пажарамі (так-так, ёсць спосаб тушэння агню агнём), у забаўляльных шоў ці нават для прыбірання снегу і лёду з пад'язной дарогі.
Так, мы не сцямілі, а куды падзеліся мілыя сабачкі ад Boston Dynamics? А можна адкаціць будучыню да той версіі, дзе яны танцуюць, а не валяць з агнямёта?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.