Рост беларускай эканомікі замарудзіцца — прагноз ад ЕАБР
Tэмп росту эканомікі скараціцца ў два разы, прагназуюць эксперты, ілюстрацыйнае фота
Эканоміка Беларусі па выніках 2024 года вырасце на 2 працэнты, прагназуюць у Еўразійскім банку развіцця. Нагадаем, паводле вынікаў 2023-га рост склаў 3,9%. Эксперты банка гавораць аб "запаволенні росту эканомік пасля перыяду паскоранага аднаўлення".
Рост ВУП у мінулым годзе ў многім забяспечыла прамысловасць. Аб'ём прамысловай вытворчасці вырас за год на 7,7%. Значны ўклад таксама ўнёс гандаль (аптовы прырос за год на 13,3%, рознічны тавараабарот павялічыўся на 8,5%). Тармазілі рост ВУП грузаперавозкі (іх аб'ём знізіўся за год на 17,7%), а таксама інфармацыйныя і камп'ютарныя паслугі.
Нагадаем, у 2022 годзе краіны Еўрасаюза забаранілі грузаперавозчыкам на зарэгістраваных у Расіі і Беларусі машынах вазіць грузы па сваёй тэрыторыі. А сфера IT за апошнія некалькі гадоў страціла шэраг буйных гульцоў, якія працавалі ў Беларусі, а з пачаткам рэпрэсій і вайны прынялі рашэнне рэлацыравацца ў іншыя краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.