Ryanair адменіць 400 000 квіткоў. Якіх рэйсаў не будзе і што рабіць пасажырам?

Гендырэктар Ryanair Майкл О'Ліры. Фота: Reuters
Гендырэктар Ryanair Майкл О'Ліры. Фота: Reuters

Ryanair адмяняе яшчэ 400 тысяч браніраванняў на 18 тысяч рэйсаў у перыяд з лістапада гэтага года да сакавіка 2018-га ў дадатак да 315 тысячам браніраванняў, якія адмянілі ў верасні і кастрычніку. Рэйсы адмяняюць з-за таго, што ў пілотаў авіякампаніі назапасілася шмат адпачынкаў у якія іх цяпер вымушаныя адпускаць. Кампанія прапанавала пілотам кампенсацыю па 14 тысяч еўра замест часткі адпачынку, але пілоты адмовіліся. Авіякампанія таксама пацвердзіла, што перастане карыстацца 25 са сваіх 400 самалётаў і перавязе на 2 мільёны пасажыраў менш за гэты перыяд, чым планавалася (129 мільёнаў супраць 131 мільёна).

На сайце авіякампаніі раней быў апублікаваны спіс рэйсаў, спасылку на яго давала “Бі-Бі-Сі”. Але цяпер па гэтай спасылцы на сайце Ryanair нічога няма. Знайсці поўны і зразумелы спіс адмененых рэйсаў у інтэрнэце няпроста. З бліжэйшых да Беларусі аэрапортаў адмяняюць рэйсы Варшава — Салонікі, Вроцлаў, Гданьск, Брусель, Станстэд і Мадрыд і назад. З Кракава ў Рым і назад. Ці адмяняюць рэйсы з Вільні, пакуль незразумела. Авіякампанія запэўнівае, што ўсім кліентам, чые рэйсы адмененыя, прыйдзе ліст на электронную пошту.

Пакуль жа многае застаецца незразумелым, а сюжэты пра адмену рэйсаў Ryanair пачынаюцца з рэкламы Turkish Airlines. The Telegraph публікуе інструкцыю для пасажыраў з адказамі на самыя хвалюючыя пытанні.

 

Колькі рэйсаў адменена?

Ryanair адмяняе да 400 000 браніраванняў у перыяд з лістапада 2017 па сакавік 2018, у дадатак да 315 000 адмененых браніраванняў на верасень і кастрычнік, пра якія было абвешчана раней.

 

Якія рэйсы адмененыя?

Поўны спіс ануляваных рэйсаў за верасень і кастрычнік быў апублікаваны на сайце Ryanair. Цяпер там яго няма. У асноўным гэта маршруты ў перыяд з лістапада па сакавік з Лондана ў Белфаст, Эдынбург і Глазга; з Ньюкасла ў Фаро і Гданьск; з Эдынбурга ў Шчэцін; і Глазга ў Лас-Пальмас.

 

Што я магу зрабіць, калі мой рэйс адменены?

Авіякампанія заявіла, што кліенты, чые рэйсы адмененыя, атрымаюць ліст на электронную пошту.

Пацярпелыя пасажыры могуць альбо:

Памяняць свой палёт бясплатна

Адмяніць свой білет і звярнуцца ў Ryanair за поўным пакрыццём

У паведамленні гаворыцца, што любы зварот будзе "апрацаваны на працягу сямі рабочых дзён" і што альтэрнатыўныя рэйсы будуць прапанаваныя "пры ўмове наяўнасці свабодных месцаў". Кампанія таксама раіць кліентам звярнуцца ў аддзел абслугоўвання кліентаў, каб абмеркаваць магчымыя варыянты.

 

Ці маю я права на кампенсацыю?

Магчыма. Кампенсацыя, якая рэгулюецца заканадаўствам ЕС, мае шэраг агаворак. Тэарэтычна, кампенсацыя складае 250 еўра для палётаў да 1500 км, 400 еўра для больш працяглых рэйсаў па ЕС і 600 еўра для палётаў за межамі ЕС больш за 3500 км. Ryanair не лятае так далёка, таму апошні від кампенсацыі не будзе прымяняцца.

Авіякампанія не павінна выплачваць кампенсацыю, калі яна апавяшчае пасажыраў за два тыдні да вылету або ў выпадку, калі за адзін-два тыдні да вылету яна можа перанакіраваць пасажыраў на рэйсы, якія адпраўляюцца не больш чым на дзве гадзіны раней запланаванага і прыбываюць не больш чым на чатыры гадзіны пазней запланаванага.

Калі паміж паведамленнем і адпраўленнем застаецца менш за тыдзень, Ryanair можа выплаціць кампенсацыю, калі ён не можа даставіць кліентаў у пункт прызначэння, з адпраўленнем не больш чым на гадзіну раней запланаванага і прыбыццём не больш чым на дзве гадзіны пазней запланаванага.

 

А як жа страхаванне падарожжаў?

Зноў жа, ёсць некаторыя сумненні. Некаторыя страхоўкі пакрываюць выдаткі толькі па канкрэтных прычынах адмены.

"Большасць стандартных страхавых полісаў не будуць пакрываць пражыванне і звязаныя з гэтым выдаткі, калі ваша авіякампанія адмяняе ваш рэйс. Яны будуць пакрываць толькі пэўныя абмежаваныя прычыны адмены", — патлумачыла Фіёна Макра з Travel Insurance Explained.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі