Сацыёлагі: Большасць беларусаў купляюць кнігі ў інтэрнэт-крамах
Большасць беларусаў купляюць кнігі ў інтэрнэт-крамах. І рост колькасці пакупак праз інтэрнэт у апошнія гады вельмі істотны. Пра новыя выданні беларусы ў асноўным даведваюцца з інтэрнэт-рэсурсаў. Пра гэта сведчаць вынікі даследаванняў аб перавагах спажыўцоў на друкаваным рынку нашай краіны.
Паводле слоў дырэктара Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давіда Ротмана, больш за 50% жыхароў Беларусі, якія чытаюць, купляюць кнігі. Адзін раз на месяц купляюць кнігі 5,6% чытачоў, адзін раз на год і радзей — амаль 24%.
Штодзённа чытаюць крыху больш за 17%, адзін ці некалькі разоў на тыдзень — 21,4%, увогуле не чытаюць — амаль 16%. Электроннай кнізе аддаюць перавагу 30,6% беларусаў. Падчас набыцця кнігі чытачы найперш арыентуюцца на імя аўтара. Сёлета кнігу беларускага аўтара купілі, як мінімум, 8,9% рэспандэнтаў, інфармуе БЕЛТА.