"Салідарнасць з Украінай": Літва адмаўляецца ад усіх энергарэсурсаў з Расіі
Літва не хоча спансіраваць расійскую агрэсію / aussiedlerbote.de
З 22 траўня ў Літве не будзе ні расійскага газу, ні нафты, ні электраэнэргіі, паведамляе Мінэнэрга Літвы.
— Гэта вельмі важная мяжа не толькі на шляху Літвы да энергетычнай незалежнасці. Гэта выказванне нашай салідарнасці з ваюючай Украінай, мы не можам дазволіць, каб на нашы грошы фінансавалася расійская ваенная машына, — сказаў міністр энергетыкі Дайнюс Крейвис.
Свае патрэбы ў электрычнасці Літва будзе пакрываць за кошт мясцовай зялёнай энергетыкі і імпарту з краін ЕС. Газ пастаўляецца праз Клайпедскі порт з ЗША.
Таксама Польшча, Фінляндыя і Балгарыя адмовіліся плаціць за расійскі газ рублямі, таму пастаўкі туды спыненыя. Германія і Італія гатовыя працаваць з "Газпромам" на ўмовах расійскага боку.
Варта адзначыць, што большую частку экспартных даходаў Расія атрымлівае за кошт гандлю нафтай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.