Салігорац падаў заяўку на тэрміновы антываенны мітынг
Заяўку ў выканкам Уладзімір Шыла занёс 3 сакавіка, а мітынг хацеў бы правесці ўвечары 4-га.
Да заяўкі на антываенны мітынг яго падштурхнулі дзеянні расійскіх вайскоўцаў ва ўкраінскім Крыме.
У каментары Еўрарадыё ён адзначыў, што прасіў магчымасці, каб мітынг правялі не праз 15 дзён, а тэрмінова. Для гэтага ён нават пагаджаўся, каб мітынг правялі ўлады.
Уладзімір Шыла: "Я пісаў пра тое, што пажар побач. І калі палыхне, то апаліць і нас, беларусаў. І крый божа, каб не спаліла! Гэты пажар не будзе выбіраць, хто апазіцыянер, а хто ўлада. Мы павінны пра гэта заявіць сёння. Таму я прапанаваў: калі хочаце, можаце гэты мітынг правесці самастойна. Але рабіць трэба хутка, таму што кожная гадзіна дарагая".
Уладзімір Шыла пакінуў на заяве свой тэлефон, аднак чыноўнікі не ператэлефанавалі. Калі дазволу не будзе, то, кажа актывіст, мітынг правесці папросту не ўдасца, бо на яго ніхто не прыйдзе.
Фота — spring96.org