Салігорскі "Шахцёр" — лідар чэмпіянату, Яхшыбоеў забіў першы гол за гарнякоў
11 ліпеня ў матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе салігорскі "Шахцёр" абыграў "Гарадзею" — 4:1. У другім тайме гуляў Джасурбек Яхшыбоеў, які перайшоў да гарнякоў з "Энергетыка-БДУ" і правёў першы матч. І забіў прыгожы гол! Для легіянера з Узбекістана ён 10-ы ў беларускім першынстве, ён найлепшы бамбардзір. На адзін гол менш у аднаклубніка Віталя Лісаковіча, які ў гэтым паядынку не забіў, але зрабіў дзве галявыя перадачы. Яхшыбоеў і Лісаковіч паўгадзіны гулялі разам на поле — да замены апошняга.
БАТЭ згуляў дома ўнічыю 1:1 са "Славіяй" і страціў 2 ачкі. У выніку "Шахцёр" стаў лідарам першынства — 33 ачкі, у барысаўчан — 31.
У іншым сённяшнім матчы аўтсайдэр "Белшына" сенсацыйна абыграла "Тарпеда-БелАЗ" — 2:1. У пятніцу ў стартавым паядынку тура "Смалявічы" эксперыментальным складам і з новым трэнерам абыгралі "Іслач" — 3:1. Апошнія матчы тура пройдуць у нядзелю (матч брэсцкага "Дынама" і "Слуцка" перанесены на жнівень).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.