Самая дарагая страва ў мінскім рэстаране — $170, алкаголь — $4 тысячы
Еўрарадыё пашукала самую дарагую страву ў сталічных рэстаранах і даведалася, колькі грошай пакідаюць кліенты.
“Мы не вельмі моднае месца, вельмі ціха, — нечакана кажа адміністратар вядомага французскага рэстарана “Залатыя грабеньчыкі” Віталь. — У нас тут можна прыйсці, пасядзець, вячэра больш нагадвае нейкую ўрачыстасць, але мы вельмі добра і смачна кормім”.
Віталь называе і сярэдні чэк на аднаго чалавека за вечар — 1 мільён рублёў. Самая дарагая страва — гарачая закуска “Марскія грабеньчыкі з фуа-гра і вінегрэтам “Разанец” — вага 153 грамы, цаной 535 тысяч рублёў. Самы дарагі алкаголь — 15 мільёнаў за “Шато-Марго” ўраджаю 1999 года.
“Зразумела, што замаўляюць такое віно нячаста. У сярэднім нашыя госці п’юць віно за 1-2 мільёны. То бок і не самае дарагое, і не самае таннае. Госці ў нас звычайна — расіяне, беларускія бізнесмены, іх жонкі ды дзеці”.
Афіцыянтка-кітаянка з рэстарана “Сезоны”, што нядаўна адкрыўся пры гатэлі “Пекін”, просіць называць яе на рускі манер Соняй. Расказвае, што ў іх установе самая дарагая страва акурат і самая папулярная.
“У нас самая дарагая страва — пекінская качка, вельмі папулярная і вядомая па ўсім свеце страва, заказваюць амаль штодзень”, — кажа Соня.
Цана пекінскай качкі — 1 мільён рублёў. Дзяўчына заўважае, што часам у іх сярэдні чэк дасягае 10 мільёнаў.
Адміністратар рэстарана "Bella Rosa" Павел прыгадвае Еўрарадыё сярэдні чэк на чалавека ў пятнічны вечар — 60 долараў.
“Калі бяром віно, салат, суп, гарачае і дэсерт, то гэта каля 60 долараў. Самая дарагая страва — платэ з морапрадуктаў на чацвярых, каля 1,5 мільёна. Страва важыць 1,5 кілаграма, і яе даволі часта замаўляюць. Самыя дарагія стэйкі ў нас, да прыкладу, з мармуровага мяса. Яны каштуюць па 970 тысяч рублёў”, — кажа Павел і дадае, што часам кліенты замаўляюць самае дарагое шампанскае “Crystal” па 20 мільёнаў за бутэльку.
У сярэднім у рэстаранах Мінска за пятнічны вечар трэба выкласці каля 25-50 долараў за чалавека, разам з напоямі і ў залежнасці ад катэгорыі ўстановы.
Лідарам па цэнах аказаўся рэстаран “Falcone”. Тут знаходзім самую дарагую страву — “Хвост лобстара на пару з пюрэ з капусты пак чой, суфле з лобстара, арэхаў макадамія з соусам “Бер-блан” з шафранам і сокам цытрусавых”. Цана стравы — 1,750 тысяч рублёў.
“У нас аўтарскія стравы і вельмі знакаміты шэф-кухар. Мы не прапаноўваем супчыку з пакета за 500 тысяч рублёў”, — тлумачаць у рэстаране.
Тут жа знайшлася і самая дарагая бутэлька каньяку “Луі XIII”, што каштуе як патрыманы аўтамабіль — каля 40 мільёнаў. І на такі напой знайшоўся кліент у Мінску.
“У нас ёсць кліент, які прыязджае раз-два на месяц і заказвае менавіта гэты каньяк”, — кажуць у рэстаране.
Фота з сайта grebeshok.by