Самая кароткая дарога на Кіеў — праз Беларусь. Чаму гэта няважна

Нават калі сітуацыя абвострыцца, канфлікт будзе не такі, як мы яго сабе ўяўляем / pixabay
Нават калі сітуацыя абвострыцца, канфлікт будзе не такі, як мы яго сабе ўяўляем / pixabay

Як выглядае сучасны ваенны канфлікт і чаму не трэба панічна прадумваць, як выглядаюць самыя кароткія маршруты да Кіева праз Беларусь? У гутарцы з Еўрарадыё гэтыя аспекты растлумачыў намеснік дырэктара ўкраінскага Цэнтра даследавання войска, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь.

Масква працягвае адмаўляць планы па эскалацыі канфлікту на мяжы з Украінай. Украінская Рада нацыянальнай бяспекі і абароны кажа, што не бачыць "сёння падстаў сцвярджаць, што будзе поўнамаштабны наступ РФ". Еўрапейскі саюз, у адрозненне ад Вялікабрытаніі і ЗША, таксама настроены аптымістычна і разлічвае на дыпламатыю, вывозіць супрацоўнікаў амбасад з Кіева ЕС не стаў.

Але нават калі канфлікт непазбежны, ён будзе не такі, як мы яго сабе ўяўляем.

 

"Наземная фаза не галоўная"

У сучасных баявых дзеяннях наземная фаза не галоўная, нагадвае Міхаіл Самусь. Гэта павінна супакоіць беларусаў, якія ўжо падлічылі, што "ў выпадку чаго" самая кароткая дарога на Кіеў ляжыць праз Чарнобыльскую зону.

— Нагадаю, галоўнай у сучасных баявых дзеяннях ёсць далёка не наземная фаза, а кібернетычны і радыёэлектронны ўплыў на сістэмы кіравання дзяржаўнымі войскамі.

Наступная фаза — ракетная, у часе якой трэба фізічна знішчыць сістэмы кіравання і супрацьпаветраную абарону. Далей па важных аб'ектах і войсках працуе авіяцыя. І толькі ў апошнюю чаргу гаворка ідзе пра наземную фазу канфлікту.

 

"І пайшоў вось так наўпрост на Кіеў"

У выпадку эскалацыі канфлікту на мяжы з Украінай Кіеў зусім не абавязкова стане галоўнай мэтай.

— На якіх напрамках будуць прасоўвацца расійскія войскі? Я думаю, яны могуць прасоўвацца на розных напрамках. Кіеў тут не асноўны. Кіеў можна апрацоўваць кібернетычным і ракетным спосабам.

З тэрыторыі Беларусі, па маім разуменні, будуць, хутчэй, наносіцца ракетныя авіяцыйныя ўдары, будуць дзейнічаць дэсант і сілы спецыяльных аперацый.

Наземныя аперацыі і ўвядзенне асноўных кантынгентаў — гуманітарнай інтэрвенцыі або міратворчых войскаў, як яны кажуць, — будуць ісці больш традыцыйнымі шляхамі: праз усход Украіны. Дэсант можа высаджвацца і з боку акупаванага Крыма, і з боку Данбаса.

 

Украіна просіць абысціся без панікі

Афіцыйны Кіеў не нагнятае панічных настрояў і, наадварот, просіць іх адставіць.

У гутарцы з украінскай службай ВВС сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што краіна не можа дапусціць падзення эканомікі. А менавіта такія працэсы можа справакаваць пераход "у стан панікі".

"Далей маніпуляваць будзе значна лягчэй, а гэта задача Расіі. І навошта гэта робяць агульным акцэнтам астатнія партнёры — у нас тут ёсць пэўныя пытанні на гэты конт".

На гэтым тыдні ЗША далі рэкамендацыі сем'ям дыпламатаў пакінуць Украіну, тое самае зрабіла Аўстралія. Вялікабрытанія пачала вывозіць супрацоўнікаў сваіх місій з краіны. Украінскае МЗС назвала такія дзеянні заўчаснай мерай і адзначыла, што падстаў для панікі пакуль няма.

Поўную версію гутаркі з Міхаілам Самусем глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі