Савет бяспекі: Беларусь у "спецаперацыі" выконвае некалькі функцый

Павел Муравейка / кадр з відэа, "Беларусь 1"
Павел Муравейка / кадр з відэа, "Беларусь 1"

У вайне Расіі супраць Украіны Беларусь выконвае некалькі функцыяў. Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" заявіў першы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Павел Муравейка. (Расійскую агрэсію супраць Украіны ён называе "спецыяльнай ваеннай аперацыяй".)

"Па-першае, мы не дапускаем удару ў спіну нашым расійскім братам. Па-другое, мы забяспечваем стабільнасць на заходніх межах. Нашая групоўка супрацьпаветранай абароны забяспечвае бяспеку паветраных межаў", — паведаміў Муравейка.

Ён дадаў, што ў Беларусі прымаюць бежанцаў, даюць ім магчымасць жыць, працаваць і атрымаць грамадзянства па спрошчанай форме. "Усё гэта наш уклад у гэтую спецаперацыю для кожнага з бакоў, які ў ёй удзельнічае", — сказаў Муравейка.

Намеснік дзяржсакратара падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца саюзнікам Расіі і не дапусціць нападу на "рускіх братоў". Пра тое, што расіяне самі напалі на Украіну, ён не згадаў.

Некалькі дзён таму пра ўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны гаварыў Аляксандр Лукашэнка. "Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязальніцтвы", — казаў ён. Паводле яго словаў, Беларусь займаецца лячэннем людзей і забеспячэннем іх харчаваннем, "і не толькі расіян".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі