Сайт "Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў" заблакаваны ў Беларусі

Сайт "Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў" заблакаваны ў Беларусі

Беларускія ўлады заблакавалі сайт платформы "Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў". Як піша TUT.by, адрас унесены ў спіс рэсурсаў абмежаванага доступу і недаступны для прагляду звычайным карыстальнікам — пабачыць яго могуць толькі інтэрнэт-правайдэры.

У некаторых беларускіх карыстальнікаў сайт ужо не адчыняецца — у залежнасці ад іх аператара. У прыватнасці, на byfly з'яўляецца надпіс "Не ўдаецца атрымаць доступ да сайта".

Раней пры спробе зайсці на платформу без выкарыстання VPN-сэрвісу з'яўлялася "заглушка". Яна паведамляла, што стваральнікі забаранілі ўваход на гэты сайт з Беларусі без VPN, каб захаваць бяспеку сваіх наведвальнікаў ды іх звестак.

"Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў" была запушчаная дзевяць дзён таму. Як казала Святлана Ціханоўская, на гэтым сайце збіраюць сведчанні затрыманняў, катаванняў і збіцця, а таксама імёны тых, хто іх здзяйсняў. Рэалізацыяй праекта займалася Народнае антыкрызіснае кіраванне, якое ўзначальвае Павел Латушка, і экс-сілавікі. Звесткі з доказамі злачынстваў можа загрузіць кожны пацярпелы, альбо сведка, альбо саўдзельнік злачынства. Кожнае паведамленне перад публікацыяй правяраюць юрысты. 

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка распавядаў, што праект створаны былымі супрацоўнікамі МУС, пракурорамі, следчымі, экспертамі ў галіне крымінальнага права, юрыстамі, адвакатамі, суддзямі і праграмістамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі