Сайт "Першы Рэгіён" аштрафавалі за гіперспасылкі на "экстрэмісцкія" ТГ-каналы
Суд у Ганцавічах аштрфаваў уладальніка сайта “Першы Рэгіён” на 11 200 рублёў. Нагодай сталі гіперспасылкі на ТГ-каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі (у тым ліку тэлеграм-канал Антона Матолькі), паведамляе прэс-служба БАЖ.
Таксама кіраўніцтва Ганцавіцкага РАУС склала пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне за тое, што на сайце “Першы Рэгіён” ў 2021 годзе публікаваліся матэрыялы, якія “негатыўна характарызавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь і дыскрэдытавалі дзейнасць дзяржаўных устаноў”.
Прадстаўнік ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” Сяргей Багроў у судзе паведаміў, што публікацыі са згаданымі спасылкамі былі зробленыя да таго, як ТГ-каналы прызналі экстрэмісцкімі. Астатнія ж публікацыі, па яго словах, не маюць зневажальнага зместу, а выказваюць меркаванне аўтара, што гарантуецца Канстытуцыяй Беларусі.
Аднак старшыня суда Ганцавіцкага раёна Уладзімір Космач вырашыў аштрафаваць ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” — паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП на 300 базавых велічынь (9600 рублёў) і паводле ч. 5 арт. 23.5 КаАП на 50 базавых велічынь (1600 рублёў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.