Саюз турыстычных арганізацый: “Стварыць брэнд краіны мусіць крэатыўная моладзь”
Нацыянальнае агенцтва па турызме стварыла прэзэнтацыйны ролік для замежных турыстаў на англійскай і кітайскай мовах. Цяпер збіраюцца стварыць брэнд краіны. Як гэта мусіць быць, разважаем у студыі Еўрарадыё з дырэктарам Саюза турыстычных арганізацый Валянцінам Цэхмейсцерам.
Прапануем лепшыя цытаты з размовы:
“Адсталі тут ад многіх краін. Многія лагатыпы, слоганы і брэнды шмат разоў паспелі памяняць. Большасць краін спярша робіць слоганы і лагатыпы, а пасля пераходзіць да стварэння брэндаў”.
“Нам трэба задумвацца, чаму замежнік мусіць паехаць у Беларусь. Яго трэба неяк зацікавіць, заінтрыгаваць”.
“Даверыць стварэнне брэнда замежніку ― такі досвед ужо быў. Тут ёсць няведанне нацыянальных асаблівасцяў, можа атрымацца не той вынік”.
“Паўгода таму Славакія прэзентавала слоган “Slovakia is a good idea”. Адразу чутна, што гаворка вядзецца пра Славакію. Чалавек задумваецца пра гэта, чаму гэта добрая ідэя, чаму туды варта паехаць. Гэты слоган прапанаваў малады чалавек са Славакіі”.
“З брэндам Мінска не атрымалася, бо ён нараджаўся неяк дзіўна, зверху, без далучэння шырокага меркавання. Бо гэта важна для прасоўвання любой ініцыятывы”.
“Стварэнне брэнда сваёй крэатыўнай моладдзю, пасля апрабацыя ў інтэрнэце ў сацыяльных сетках, гэта дасць лепшы вынік”.
“Ролік, які стварыла Нацыянальнае агенцтва па турызме, трэба прасоўваць па лініі Міністэрства замежных справаў, праз амбасады. Гэта прыгожы і пазнавальны прадукт у пазнавальнай упакоўцы”.