Сем легальных спосабаў пазбегнуць падатку за дармаедства
Расказваем, што можна зрабіць, каб вас не прынялі за лайдака і не прымусілі за гэта заплаціць.
Спосаб першы — патрыятычны.
Пайсці ў армію. Спрацуе, калі вы малады мужчына да 27 гадоў і не маеце нестраявых хваробаў. Калі падгадаць з часам, то адкасіць такім чынам ад падатку за дармаедства можна будзе нават на два гады. А калі вельмі пашанцуе і вы трапіце ў рэзерв, то нават больш. Рэзервісты служаць прыкладна 1,5 года (ходзяць у салдаты тройчы па 45 дзён). Можна таксама дамовіцца з ваенкомам і трапіць на вайсковыя зборы (гэты варыянт падыходзіць і старэйшым за 27 гадоў) — іх удзельнікі не лічацца дармаедамі.
Спосаб другі — этнаграфічны.
Купіць домік у вёсцы і зарэгістраваць яго пры сельсавеце пад выглядам аграсядзібы. Праўда, ёсць мінус — прыйдзецца плаціць падаткі за турыстычную дзейнасць. Калі чыноўнікі пранюхаюць, што пад выглядам аграэкатурызма вы насамрэч займаецеся дармаедствам, будзеце плаціць! Як альтэрнатыва — можна купіць той жа домік на вёсцы і афіцыйна стаць фермерам.
Спосаб трэці — дэмаграфічны.
Нарадзіць дзіця. Такім чынам адкасіць ад падатку на дармаедства можна ажно на 7 гадоў. Спосаб больш пасуе дзяўчатам і жанчынам, аднак фізічна моцная палова чалавецтва таксама можа скарыстацца, калі жонка не супраць. Спосаб зручны яшчэ і тым, што праз сем гадоў можна нарадзіць яшчэ адно, а там, глядзіш, і дэкрэт адменяць.
Спосаб чацвёрты — крымінальны.
Турма. А таксама калонія, ці нават “хімія”. Галоўнае, каб больш, чым на 183 дні. Тут важна не перагнуць палку і пралічыць усе варыянты, бо нават за 3 булачкі, скрадзеныя ў краме, у Беларусі можна атрымаць год абмежавання волі. Праўда, на “хіміі” і ў калоніі давядзецца працаваць. Таму спосаб на аматара.
Спосаб пяты — турыстычны.
Паехаць у падарожжа за мяжу. Спосаб прыемны і цікавы, але таксама з нюансам — трэба мець штамп у пашпарце аб выездзе і ехаць так, каб знаходзіцца ў Беларусі менш чым 183 дні на год. Чым вы будзеце займацца ў падарожжы пры гэтым нікога не цікавіць. Як і тое, ці вернецеся вы назад.
Спосаб шосты — радыкальны.
Стаць інвалідам. Ад падатку на дармаедства вызваляюцца абсалютна ўсе інваліды, незалежна ад групы. Падыходзіць для асабліва радыкальна настроеных грамадзян. З мінусаў — можна падпсаваць сабе здароў’е і шмат выдаткаваць на лекі. Да плюсаў запішам пажыццёвасць адмазкі (калі пастарацца з інваліднасцю).
Сёмы спосаб — творчы.
Стаць пісьменнікам (можна таксама музыкантам, скульптарам альбо дызайнерам). Аднак напісаць кнігу (нават вельмі харошую) будзе мала. Трэба яшчэ ўступіць у Саюз пісьменнікаў. У Беларусі іх два, таму можна выбіраць. Кажуць, што ў праўладны ўступіць прасцей (мы не правяралі). Працэдура ўступлення ў СБП даволі простая — трэба падгаварыць трох пісьменнікаў даць вам рэкамендацыі. Пасля будзе таемнае галасаванне Рады СБП і калі вы набераце не менш за 66,6% галасоў — падатак за дармаедства больш плаціць не трэба.