Шалёна горача, а вентылятара няма — Ягор Дуднікаў кажа, што ў СІЗА "Асвенцім"

Ягор Дуднікаў / spring96.org
Ягор Дуднікаў / spring96.org

20-гадовы грамадзянін Расіі Ягор Дуднікаў, які цяпер знаходзіцца ў мінскім СІЗА, перадаў праз адваката вуснае паведамленні пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары. Тэкст публікуе "Новая газета". Хлопца затрымалі ў Мінску 4 траўня ў рамках справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ).

"У СІЗА шалёна горача. А вентылятара няма. Апошні паверх і ад даху — чыста "Асвенцім"! Дыхаць няма чым і з ежай бяда. Але перадачы ратуюць", — кажа Дуднікаў.

Хлопец скардзіцца на зубны боль і посттраўматычны сіндром. Кажа, што вучыць англійскую і чытае "Архіпелаг ГУЛАГ". Да яго даходзяць лісты ад "зусім старонніх людзей — гэта вельмі прыемна, і я ўдзячны. Значыць, рабіў усё нездарма".

Ягор кажа, што сусед па камеры перастаў адчуваць пахі і смакі. "Тыдзень яму было вельмі дрэнна. Але я трымаюся бадзёра! Толькі кашаль замучыў", — кажа Дуднікаў.

На мінулым тыдні з ім размаўляў псіхолаг, Ягор скардзіўся на посттраўматычны сіндром (бяссонніца і галаўныя болі).

"Псіхолаг паабяцаў пагаварыць з псіхатэрапеўтам, каб ён прыйшоў да мяне. Але да гэтага часу нікога няма", — кажа хлопец.

Па яго словах, консул яго наведвае, дапамагае чым можа. Вельмі моцна не хапае кіпяцільніка, наручнага гадзінніка, клятчастай сумкі і тэлевізара.

"Заканчваецца папера і канверты, шукаю тэксты дзіцячых песень "Крылатые качели" і "Прекрасное далёко", — расказаў Дуднікаў. І ў канцы звярнуўся да мамы са словамі "Я цябе люблю!". 

Раней таксама праз адваката Ягор Дуднікаў расказваў, як яго схапілі, як білі і пагражалі, што "паедуць закопваць".

Ягор Дуднікаў родам з Саратава. Па спецыяльнасці — кухар. У Мінск ён пераехаў да дзяўчыны. Працу кухара не знайшоў, таму пачаў падпрацоўваць, рэдагуючы тэксты і агучваючы відэаролікі: анімэ, камп'ютарныя гульні, рэкламу. Крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі праз тое, што ён, паводле версіі следства, агучваў ролікі аб пратэстах у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі