Шэсце расіянам у Мінску могуць дазволіць МУС і ідэолагі Мінгарвыканкама
Пра гэта заявіў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі 2 траўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, на любое шэсце павінен быць дазвол ад міліцыі і ідэалагічнага ўпраўлення Мінгравыканкама. Пры гэтым акцыя не павінна перашкаджаць ні бяспецы, ні перамяшчэнню грамадзян па горадзе.
Нагадаем, некалькі дзён таму стала вядома, што заўзятары зборнай Расіі па хакеі 9 траўня хочуць публічна адзначыць у Мінску Дзень Перамогі. Прэзідэнт клуба расійскіх заўзятараў Russia Unites Эдуард Латыпаў заявіў, што плануецца арганізаваць калону расійскіх фанатаў і паўдзельнічаць у мерапрыемствах у Мінску.
Гэтая навіна атрымала негатыўны рэзананс у Беларусі. Таму 30 красавіка сайт клуба Russia Unites апублікаваў каментар Латыпава, што ніякага "Рускага маршу" ў Мінску 9 траўня не будзе. Разам з тым, дадаў ён, у расійскіх заўзятараў ёсць дамоўленасць з уладамі Мінска, што яны прымуць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі.
Тым часам прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" перадалі 2 мая ў Мінгарвыканкам зварот. Яны просяць не дапусціць, каб расійскія хакейныя заўзятары ладзілі палітычныя акцыі ў Мінску.
Фота — IIHF