Шматдзетную жыхарку Іванава за шэсць дзён тройчы вазілі ў суд
Нават суддзя здзівіўся: жыхарку Іванава за шэсць дзён вазілі ў суд тройчы. Усе гэтыя дні Марына Кіявец правяла ў ізалятары, піша "Ганцавіцкі час".
Міліцыянты склалі на Кіявец тры пратаколы за рэпосты "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Але ў суд аддалі іх не ўсе адразу, а па чарзе. Тым часам 33-гадовую жанчыну, якая гадуе траіх дзетак, трымалі за кратамі.
— Гэта ўсё, ці яшчэ будзеце насіць кожны дзень пратаколы? — запытаўся суддзя ў міліцыянтаў.
— Ніяк не, усё, — адказаў адзін з іх.
— А чаму ў пятніцу не разгледзелі? У пятніцу я ж разглядаў [іншую справу на Марыны Кіявец]?
— Указанне, — загадкава ўдакладніў міліцыянт.
Тады суддзя абвясціў, што карае жанчыну штрафам у 640 рублёў. Гэта трэці штраф, які прысудзілі Кіявец. Агулам за тры рэпосты яна мусіць заплаціць 2368 рублёў (74 базавыя велічыні).
На мінулым тыдні ў Іванава прыязджалі сілавікі з Мінска. Яны затрымалі шэсць ці сем мясцовых актывістаў. Адна жанчына пасля затрымання трапіла ў лякарню — абвастрылася хвароба. А ў яе сабаку міліцыянт стрэліў гумовай пуляй. Пса выратавалі ветэрынары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.