Што адбываецца з арганізмам, калі мы пераграваемся
Пры першых сімптомах цеплавога ўдару трэба звяртацца да медыкаў / фота — "Анлайнер"
Беспрэцэдэнтная спякота непадзельна пануе гэтым летам на значнай частцы зямнога шара. І для Беларусі тэмпература паветра, вышэйшая за +30 — не выключэнне, а частая з'ява. Такое надвор'е не можа не рабіць сур'ёзнага ўплыву на арганізм. Што адбываецца з нашым целам, калі мы пераграваемся?
Цеплавы стрэс і аптымальная тэмпература
У цела ёсць свая аптымальная тэмпература — лічыцца, што ў сярэднім гэта 36,6, але ад чалавека да чалавека вар'юецца ў дыяпазоне 36-37 градусаў.
Калі арганізму робіцца занадта горача, пачынаюць пашырацца крывяносныя сасуды, вылучаецца пот. За кошт яго выпарэння лішкі цяпла рассейваюцца, гэта астуджае паверхню скуры. Шмат каму гэта знаёма не толькі па тым, як арганізм паводзіць сябе ў гарачыя дні, але і па павышэнні тэмпературы падчас хваробы.
Перашкаджаць такому працэсу самаахаладжэння арганізма можа высокая вільготнасць. Калі ўзроўні спякоты і вільготнасці прыкметна растуць, павялічваецца рызыка захворванняў, справакаваных гэтым.
"Цеплавы стрэс азначае, што цела адчувае глыбокае назапашванне цяпла — большае, чым яно можа вылучаць", — растлумачыў The Guardian прафесар універсітэта ў Бойсе Уве Райшль. Ён дадаў, што наступствы спёкі могуць прыводзіць да з'яўлення розных сімптомаў — ад проста непрыемных да патэнцыйна смяротных.
Арганізм перагрэўся — якія прыкметы?
Сярод першых сімптомаў цеплавога стрэсу — магчымасць з'яўлення мышачных курчаў. Больш сур'ёзны стан — так званае цеплавое знясіленне. Прыкметы могуць ўключаць у сябе:
— стомленасць;
— галаўны боль;
— цяжкасці ў мысленні;
— млоснасць;
— сухасць у роце, адчуванне недахопу вады;
— ваніты.
Аднак сімптомы не будуць праяўляцца ва ўсіх аднолькава, папярэджвае даследчыца з Паўночна-Усходняга ўніверсітэта (ЗША) Грэдыя Уэрта-Мантаньес. Многія могуць ігнараваць першыя праявы небяспечнага стану.
Сэрца б'ецца часцей, мышцы слабеюць
Праз моцнае (і ўстойлівае) уздзеянне спякоты на арганізм паскараецца сэрца — яно б'ецца часцей, каб стымуляваць большы прыток крыві да скуры і спрыяць большаму вылучэнню цяпла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.