Што адбываецца з беларускімі "санкцыйнымі" санаторыямі ў краінах Балтыі
Санаторый "Белоруссия" / sanatoriums.com
Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі працуе з прыбыткам. Але ў ім папраўляюць здароўе грамадзяне ЕС. А "Белоруссия" ў Юрмале пакуль зусім зачыненая. Вядуцца перамовы пра аднаўленне працы. Пра гэта расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, піша агенцтва "Мінск-Навіны".
— Санаторый у Друскінінкаі перададзены ва ўпраўленне Рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, таму сёння забяспечаная яго стабільная праца, — адзначыў Балбатоўскі. — Але пакуль мы не можам накіроўваць туды нашых грамадзянаў у сувязі з тым, што ўрад Літвы проста не выдае ім візы.
У 2021 годзе гэты санаторый трапіў пад санкцыі, бо яго ўласнікам было Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У мінулым лістападзе змянілі ўласніка, ім зрабіўся Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.
У студзені і лютым 2022 года там паспела аздаравіцца каля 160 беларускіх дзяцей. А потым пачалася вайна ва Украіне. 11 сакавіка ў Літве прынялі рашэнне не выдаваць візы грамадзянам Расіі і Беларусі, у тым ліку хворым дзецям. Таму праца ў гэтым кірунку зноў спынілася.
Аднак беларускія дзеці-інваліды, у якіх ёсць візы, усё ж змогуць паехаць туды ў суправаджэнні бацькоў. Пры ўмове, што і ў бацькоў візы ёсць.
— Найбліжэйшыя заезды адбудуцца 8, 9 і 10 жніўня, — расказвае Балбатоўскі. — У санаторый Друскінінкая паедуць 40 дзяцей і прыкладна столькі ж бацькоў. Далей паглядзім, як будуць развівацца падзеі па візавай падтрымцы нашых грамадзянаў.
Ён таксама дадаў, што на мінулым тыдні мэр Друскінінкая звярнуўся ў МЗС Літвы і папрасіў, каб хворым дзецям з Беларусі далі магчымасць праходзіць аздараўленне і лячэнне ў гэтым санаторыі.
Цяпер санаторый прымае грамадзянаў Еўрасаюза — кожны дзень 100 і больш чалавек па камерцыйных пуцёўках. На выходныя пуцёвак прадаецца яшчэ больш.
Што тычыцца санаторыя "Белоруссия" ў Юрмале, які таксама належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта РБ, то ён дагэтуль зачынены праз санкцыі.
— Беларускім бокам падрыхтаваны праект распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі па аднаўленні працы гэтага санаторыя, чакаем, што дакумент будзе падпісаны ў найбліжэйшы час, — дадаў Генадзь Балбатоўскі.
Як адзначалася раней, беларусаў апошнім часам там і так адпачывала менш, чым жыхароў Латвіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.