Што напісана ў “рэвалюцыйным” дэкрэце Лукашэнкі

Што напісана ў “рэвалюцыйным” дэкрэце Лукашэнкі

22 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падпісаў дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Паводле яго слоў, дзякуючы гэтаму дакументу “Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн”.

Тэкст дэкрэта пакуль не апублікаваны. Асноўныя яго тэзісы змясціў партал tut.by. Дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі” істотна пашырае віды дзейнасці, якія даюць падставы для таго, каб стаць рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій. Агулам іх 38, у тым ліку дзейнасць біржы крыптавалют, дзейнасць аператара абмену крыптавалют, майнінг.

Дакумент прадугледжвае дэбюкратызацыю Парка высокіх тэхналогій, спрашчаюцца ўмовы працы для яго рэзідэнтаў. Працягваюцца льготы для ПВТ: зніжэнне стаўкі падаходнага падатку (9%), вызваленне ад падатку на прыбытак і ПДВ, замест яго рэзідэнты плацяць 1% ад валавой выручкі на карысць адміністрацыі Парка. Уводзяцца і новыя льготы, якія дазваляюць весці IT-бізнес па прадуктовай мадэлі з тэрыторыі Беларусі (напрыклад, закупляць рэкламу ў Facebook ці Google).

Адмяняецца субсідарная адказнасць рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій у выпадку яго банкроцтва. У якасці эксперымента дэкрэт укараняе новыя прававыя інстытуты (так званае “англійскае права”). Дзякуючы дэкрэту, у Беларусі ствараюцца ўмовы для ўкаранення ў эканоміку тэхналогіі блокчэйн, акрэсленыя ўмовы для выкарыстання токенаў, крыптавалют. Юрасобы праз рэзідэнтаў ПВТ атрымліваюць права ствараць і змяшчаць уласныя токены і ў Беларусі, і ў замежжы, купляць іх, здзяйсняць аперацыі праз біржы крыптавалют і аператараў абмену крыптавалют. Фізічныя асобы атрымліваюць права валодаць токенамі і здзяйсняць з імі разнастайныя аперацыі (майнінг, захоўванне, абмен і г. д.), яны змогуць іх падарыць ці пакінуць у спадчыну. І гэта не будзе лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Суб’екты эканомікі вызваляюцца ад падаткаабкладання дзейнасці, якая звязаная з крыптавалютамі і токенамі (у тым ліку і з майнінгам).

Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі таксама прадугледжвае захады па прыцягненню ў нашу краіну высокакласных спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій. Замежнікі, якія заключаць працоўную дамову з рэзідэнтам ПВТ, не мусяць атрымліваць спецыяльны дазвол. Для іх устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь.

Спецыяльны прававы рэжым Парка высокіх тэхналогій працягваецца да 1 студзеня 2049 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі