Што за фільм-агітку пра калабарацыяністаў паказваюць мінскім школьнікам

Мінскія школьнікі на праглядзе фільма "Людзі з чорнымі душамі" / sb.by
Мінскія школьнікі на праглядзе фільма "Людзі з чорнымі душамі" / sb.by

У снежні кінатэатры "Ракета" і "Камсамолец" паказалі мінскім школьнікам 36-хвілінны савецкі фільм "Людзі з чорнымі душамі", які выйшаў на экраны ў 1962 годзе. Паказы былі арганізаваны ў рамках адкрытага ўрока па гісторыі па тэме ВАВ.

У карціне кадры дакументальнай хронікі перамяжоўваюцца з чорна-белымі фатаграфіямі часоў ВАВ. Усё гэта суправаджаецца голасам дыктара, які апавядае пра супрацоўніцтва беларускіх калабарацыяністаў з нямецкімі захопнікамі. Пасыл аўтараў фільма — расказаць гледачу пра злачынствы здраднікаў, якія ўступілі ў змову з акупантамі.

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, чаму менавіта гэты фільм, менавіта для школьнікаў і менавіта цяпер раптам з'явіўся на шырокіх экранах.
 

Кадры не для слабанервовых

"На экране пад гул нямецкіх бамбавозаў з'явіліся кадры з целамі мёртвых дзяцей". Гэта цытата з сайта sb.by, які апублікаваў артыкул пра вынікі кінапрагляду. Са слоў аўтара рэпартажу, "калі запалілася святло, ніхто не загаварыў, ніхто не ўстаў. Школьнікі нібы замерлі, пераварваючы ўбачанае". Замерлі не толькі школьнікі: фільм шакаваў сваёй жорсткасцю і журналіста Еўрарадыё, які для аб'ектыўнасці яго таксама паглядзеў.

Журналіст СБ піша: "На 11-й хвіліне з'яўляюцца кадры, якія было б складана глядзець нават дарослым: на фоне будынка палалі яркім полымем велізарныя пагоркі. "Так гараць людзі", — растлумачыў дыктар". Кадры кінахронікі сапраўды не для слабанервовых: мёртвыя дзеці, пажары, вайна. Але атрымліваецца, што для дзевяцікласнікаў такія фільмы ў самы раз, Мінінфарм ухваляе.
 

"Беларускія нацыяналісты з першых дзён акупацыі сталі паслухмянымі лакеямі нямецкіх фашыстаў"

Гэта цытата з самога фільма. Такія выразы ў ім ужываюцца пастаянна. Пастаянна акцэнтуецца ўвага на БЧБ-сцягу і гербе "Пагоня". "Па трупах нявінных ахвяр імчалася нацысцкая "Пагоня" да ўлады", — тлумачыць гледачу дыктар.

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
Герб "Пагоня", БЧБ-сцяг, нацысцкія прывітанні і Гітлер побач — якія вам яшчэ патрэбны доказы?

"Нямецкімі фашыстамі пры дапамозе нацыяналістаў знішчана ў Беларусі 2 200 000 чалавек", — чаканіць голас за кадрам. Мільгаюць кадры з відарысам вершніка на кані. Да канца прагляду недасведчаны глядач, хутчэй за ўсё, будзе перакананы: БЧБ-сімволіка — злачынная. Фільм, створаны ў разгар халоднай вайны, працуе бездакорна.

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
Кадры з фільма "Людзі з чорнымі душамі"

Але ў Еўрарадыё пасля прагляду фільма пытанняў стала яшчэ больш: калі паказы праходзілі ў рамках адкрытага ўрока гісторыі, то чаму школьнікам не паказалі класічныя і больш адэкватныя для падлеткавай псіхікі "А зоры тут ціхія" ці "У бой ідуць адны старыя"? Чаму выбар прыпаў на фільм, які атаясамлівае з нацысцкім рэжымам беларускую нацыянальную сімволіку, якая выкарыстоўвалася задоўга да нямецкай акупацыі і якая стала сімвалам цяперашніх мірных пратэстаў у Беларусі?

Вось цытата з sb.by, за няхітрасцю якой хаваецца і сэнс дэманстрацыі такіх фільмаў школьнікам.

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
Саўдзельнікі-паліцаі і БЧБ-павязкі / sb.by

Так і ўяўляеш сабе абмеркаванне ўбачанага на ўроку гісторыі: "Дзеці, скажыце, хто цяпер у Беларусі носіць БЧБ-павязкі? Хто ходзіць з гербам "Пагоня"? Правільна, нашчадкі саўдзельнікаў-паліцаяў!"

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
"Саўдзельнікі-паліцаі" на маршы пенсіянераў / Еўрарадыё

"...цяпер падчас вулічных акцый пратэсту"

"Советской Белоруссии" падтакваюць калегі з расійскага тэлеканала "МИР", якія таксама выпусцілі рэпартаж пра кінапаказ. "Гісторыкі падкрэсліваюць: гэта ваенная дакументалка цікавая і актуальная і сёння. Напрыклад, цяпер некаторыя беларусы падчас вулічных акцый пратэсту выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сцяг. Але пад гэтай сімволікай дзейнічалі і саўдзельнікі фашыстаў", — прагаворваецца тэлевядучы. У прынцыпе, вось і тлумачэнне, чаму фільм паказваюць беларускім школьнікам тут і цяпер.

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
Скрыншот з рэпартажу на тэлеканале "МИР" / "Ютуб"

Агітка на ўсе часы

"Людзі з чорнымі душамі" з'яўляюцца ў абмежаваным пракаце ўжо не першы раз. Да гэтага фільм дэманстраваўся ў 2017 годзе беларускімі камуністамі. Прымеркаваны ён быў да "так званага Дня Волі". То бок, пра стужку згадваюць, калі трэба збіць пратэстныя настроі ў грамадстве.

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
Скрыншот з "Газеты КПБ Беларуси"

Рыторыка сучасных праўладных прапагандыстаў вельмі падобная да стылю падачы матэрыялу 60-гадовай даўніны. "У нагу з недабітымі фашыстамі крочаць сёння верхаводы беларускіх нацыяналістаў. У логаве фашызму, Мюнхене, яны набылі гэту "Бацькаўшчыну". Звяртаюцца да бога, а спадзяюцца толькі на Амерыку. Па старой ваеннай дарожцы ідуць сёння нацыяналісты", — расказвае савецкі дыктар гледачу, згадаўшы і Амерыку, і Бога.

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам
І папы з ксяндзамі тут як тут — усё сыходзіцца!

Як на фільм могуць адрэагаваць школьнікі?

Что за фильм-агитку о коллаборационистах показывают минским школьникам

— Час выхаду фільма — 1962 год, гэта эпоха жалезнай заслоны, халодная вайна. Фільм выконвае сваю ідэалагічную місію, пабудаваную на супрацьпастаўленні двух светаў. Галоўны тэзіс — Захад з'яўляецца правапераемнікам фашысцкай ідэалогіі. Аўтары спрабуюць стварыць карціну, дзе ёсць буржуазны свет і свет краіны саветаў. Да гэтага буржуазнага свету прылягаюць усе тыя, хто гэту савецкую ідэалогію не прымае. Там усё перамяшана — сцягі, людзі і гэтак далей, — расказвае кінакрытык Ігар Сукманаў. — Цяпер усё гэта як бы хочуць прывязаць да гэтага бягучага моманту і хочуць прадставіць тыя ж сцягі, прыраўнаваць іх да супрацьлеглага лагера. Мы бачым, умоўна кажучы, экзальтаваную манеру падачы, якая патрабуе ад гледача ставіцца да ўсяго вельмі негатыўна.

Гэта немагчыма і складана сказаць, як гэта будзе ўздзейнічаць на ўсіх і кожнага, нават сярэднестатыстычна.

Старшакласнікам Ігар Сукманаў рэкамендуе паглядзець такія фільмы пра вайну, як "Ідзі і глядзі" Элема Клімава, "Звычайны фашызм" Міхаіла Рома, "Вялікі дыктатар" Чарлі Чапліна, "У тумане" Сяргея Лазніцы.

— Гэтыя фільмы не прывязаныя да нейкіх канкрэтных момантаў, яны над ідэалогіяй. Гэтыя фільмы не малююць усё ў абсалютна адыёзных танах і фарбах, — адзначае кінакрытык.
 

Гістарычная даведка

Бел-чырвона-белы сцяг: цяперашняя версія сцяга — гэта эскіз архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага, створаны ў 1917 годзе. Пасля акупацыі Літоўскай ССР нямецкай арміяй Дуж-Душэўскі адмовіўся ад супрацоўніцтва з немцамі, за што (а таксама за дапамогу яўрэям) у 1943 годзе трапіў у канцлагер.

Герб "Пагоня" — гістарычны герб Вялікага Княства Літоўскага. У розных варыяцыях выкарыстоўваўся на працягу ўсёй гісторыі княства. З'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі