Шуневіч аддаў сваю майку з аўтографам Марадоны “цяжкому” падлетку
Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч падараваў майку з аўтографам Дыега Марадоны “цяжкому” падлетку — навучэнцу Магілёўскай спецвучэльні закрытага тыпу Аляксею Хацкевічу. Гэта адбылося падчас падвядзення вынікаў рэспубліканскага турніру па міні-футболе сярод падлеткаў.
Кіраўнік сілавога ведамства на пытанне “Ці не шкада аддаваць?” адказаў: “Яму важней. Будзе стымул”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ў сваім Твітэры.
Закрытая спецвучэльня №2 знаходзіцца ў Магілёве. Там хлопцаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў вучаць спецыяльнасцям у галіне дрэваапрацоўкі. Выхаванцамі ўстановы робяцца падлеткі, што здзейснілі грамадска-небяспечныя ўчынкі.
Цягам апошніх гадоў неаднаразовы здараліся інцыдэнты, калі хлопцы ўцякалі з вучэльні. Пазней выявілася, то дырэктар і двое яго намеснікаў збівалі падлеткаў і менавіта гэта стала прычынай частых уцёкаў. На адміністрацыю ўстановы заводзілі крымінальную справу, аднак пасля змены кіраўніцтва адзнкавыя выпадкі ўцёкаў усё адно здараюцца.
Адным з кірункаў выхавання з’яўляюцца заняткі спортам, а першы дзень навучальнага года звычайна распачынаецца з турніру па футболе.