Сілавікі зноў масава затрымліваюць людзей у раёнах, памежных з Украінай
Сілавікі правялі масавыя затрыманні на Гомельшчыне — у раёнах, якія мяжуюць з Украінай, піша zerkalo.io.
У праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся "пакаяльныя" відэа пяці мужчын, затрыманых у Хойніках і Нароўлі. Яны кажуць, што былі падпісаныя на "экстрэмісцкія" телеграм-каналы. Яшчэ чатырох чалавек затрымалі ў Мазыры на мінулым тыдні.
На відэа бачна, як сілавікі ў поўнай амуніцыі выводзяць затрыманых з дамоў. У Хойніках, як вынікае з ролікаў, затрымалі Аляксандра Рэвутава, Артура Амяльянчыкава і Антона Бурко. У Нароўлі — Мікалая Курскага і Сяргея Стругу.
19 ліпеня ў праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся відэа з затрыманымі з Мазыра. Гэта Данііл Даніленка, Дзяніс Кажэўнікаў, Аліна Чопік і Іван Ламінейка. Яны таксама кажуць, што былі падпісаныя на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.
Іван Ламінейка таксама паведаміў, што быў футбольным фанатам і мае "экстрэмісцкую" татуіроўку. Гэтая татуіроўка таксама стала нагодай для затрымання. Мазырчук абяцае звесці яе бліжэйшымі днямі.
Раней паведамлялася пра масавыя затрыманні 13 ліпеня ў Драгічыне і Іванаве. Там колькасць затрыманых перавысіла дваццаць чалавек. Сілавікі стралялі ў сабаку адной з затрыманых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.