Сіноптыкі: Цёплае і сырое надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца зімы

Сіноптыкі: Цёплае і сырое надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца зімы

Цёплае і сырое надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца зімы. У апошнія дні лютага на вуліцах будуць лужыны і слота, напісаў у Facebook начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў. Паводле яго слоў, сярэдняя тэмпература паветра будзе перавышаць норму на 4-6 градусаў.

У аўторак уначы амаль па ўсёй Беларусі пройдуць дождж і мокры снег, удзень жа будуць толькі невялікія ападкі. Месцамі слабы галалёд, а на асобных участках дарог — галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад мінус 1 да плюс 5 градусаў, у дзённыя гадзіны — 1-7 цяпла.

У сераду, 24 лютага, месцамі чакаюцца мокры снег і дождж. Уначы будзе ад 3 градусаў ніжэй за нуль да 3 градусаў са знакам плюс, удзень — ад 0 да 6 цяпла. У чацвер прагназуецца невялікі кароткачасовы мокры снег. Тэмпература паветра істотна не зменіцца.

Мокры снег пройдзе ў пятніцу і ў суботу, але толькі месцамі. Калі ў начныя гадзіны будзе ад 0 да мінус 5 градусаў, то ў дзённыя — ад 0 да 5 градусаў са знакам плюс. У нядзелю, 28 лютага, будзе пераважна без ападкаў (толькі ўдзень на Брэстчыне магчымыя дождж і мокры снег). Уначы чакаецца 1-6 марозу (пры праясненнях — да мінус 8), удзень — ад 0 да 5 цяпла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі