Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, канстатавалі ў ААН

Спецдакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марын​ / twitter.com/un_hrc
Спецдакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марын​ / twitter.com/un_hrc

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, а ўлады рэспублікі адмаўляюцца супрацоўнічаць, канстатавала Спецыяльны дакладчык ААН Анаіс Марын. Напярэдадні яна прадставіла ў Трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі сусветнай арганізацыі свой чарговы штогадовы даклад, паведамляе ТАСС.

Марын была прызначаная спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі 1 лістапада 2018 года. У цяперашняй справаздачы адлюстраваныя падзеі ў краіне да 15 чэрвеня 2021 года.

Марын адзначыла, што ўлады краіны па-ранейшаму адмаўляюцца прызнаваць мандат спецдакладчыка і не супрацоўнічаюць.

"Гэта сумна, улічваючы самаізаляцыю краіны і тое, што сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца", — заўважыла яна.

Марын шмат казала аб правах жанчын. Паводле яе слоў, улады краіны адмаўляюць жанчынам у многіх правах і свабодах. Яна нагадала, што падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года "некаторыя жанчыны сталі ахвярамі гвалтоўных знікненняў, катаванняў, жорсткага абыходжання і іншых формаў фізічнага і псіхалагічнага ціску, уключаючы пагрозу канфіскацыі іх дзяцей дзяржаўнымі органамі сацыяльнай абароны", а "іншыя былі вымушаныя пакінуць краіну праз страх рэпрэсій". Гэтыя вытрымкі з прамовы Марын прыводзіць "Голас Амерыкі".

У яе дакладзе таксама прагучала інфармацыя пра сотні палітвязняў, а таксама пра тое, што больш за 270 арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ за апошні час былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.

Паводле ацэнкі Марын, з моманту складання дакладу ў чэрвені сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі