Сіўчык: Мне было прасцей, чым Сяргею
Вячаслаў Сіўчык – адзін з першых палітвязняў і першы, хто трымаў галадоўку ў камеры – параўноўвае акалічнасці свайго зняволення з сітуацыяй Сяргея Каваленкі.
Еўрарадыё: Вас затрымалі пасля Чарнобыльскага шляху ў 1996-ым годзе. Сёння вы ў палітычнай эміграцыі ва Украіне. Што вы параілі б Сяргею Каваленку ў ягонай сітуацыі?
Сіўчык: Першае, што я хацеў бы сказаць, - я салідарны з Сяргеем і яго сям’ёй. Мы ганарымся, што ёсць такія гераічныя беларусы, якія змагаюцца за нашыя нацыянальныя каштоўнасці. Мы вельмі перажываем за Сяргея. Каб ён спыніў гэтую галадоўку, бо сітуацыя вакол яго – бязлітасная. Я і мае калегі робім усё, каб ва Украіне ведалі пра сітуацыю з Сяргеем Каваленкам. Інфармацыя гэтая досыць шырока ідзе і яе досыць багата пра беларускіх палітвязняў.
Еўрарадыё: Вы робіце нейкія інфармацыйныя кампаніі? Раздаяце ўлёткі ці праз сродкі масавай інфармацыі?..
Сіўчык: Гэта таксама. Мы ўдзельнічаем у розных мерапрыемствах, якія ладзяць нашыя ўкраінскія калегі пра беларускіх палітвязняў. Апошнім часам, першы, пра каго мы кажам, – гэта Сяргей Каваленка. Ва Украіне цудоўна разумеюць, што такое нацыянальны сцяг. Тут ведаюць з нядаўняй гісторыі, што адбываецца ў Беларусі, таму украінцы салідарныя з беларусамі. Нават тыя, што не падтрымліваюць украінскай апазіцыі.
Еўрарадыё: Шмат зычлівых людзей дасылаюць Каваленку лісты просьбаю спыніць галадоўку. А з вашага досведу – дзеля чаго вы асабіста галадалі? Як вы лічыце, дзеля чаго галадае Сяргей Каваленка, і ці спыніць ён галадоўку?
Сіўчык: Мне было прасцей, чым Сяргею. У той час яшчэ нават быў парламент у Беларусі. Я галадаў дзеля таго, каб іншыя не сядзелі. Я б не спыніў галадоўку, калі б мяне не вызвалілі. Хаця зваротаў да мяне было багата. Я ведаю, што людзі за мяне перажывалі, мусіць, гэтак жа, як мы ўсе перажываем за Сяргея Каваленку.
Еўрарадыё: Ці вы збіраліся трымаць галадоўку аж да смерці?
Сіўчык: Я не спыніў бы галадоўкі. Я сказаў, калі мяне выклікалі да начальніка СІЗА, што можаце мяне гвалтам карміць – я ўсё адно есці не буду. Колькі зможаце мяне карміць гвалтам – столькі і будзеце. Справа ў тым, што гэта быў толькі пачатак рэжыму Лукашэнкі. Яшчэ нават антыканстытуцыйны пераварот не адбыўся. Нельга было дапусціць, каб зняволенні былі масавыя.
Еўрарадыё: Як вашыя сукамернікі рэагавалі на тое, што вы галадаеце?
Сіўчык: З маёй камеры выклікалі людзей і казалі, што ўсім будзе кепска, калі я не скончу галадоўкі. І мне прыходзілася абараняцца ў камеры. Я адбіўся.
Еўрарадыё: Што гэта значыць?..
Сіўчык: Хто хоча, каб супраць яго ўжывалі дубінкі? Таму даводзілася праводзіць тлумачальную работу і патлумачыць людзям, што ў іх таксама будзе далейшы лёс.
Нагадаем, Сяргей Каваленка, актывіст КХП БНФ, у лютым быў асуджаны на 2 гады і месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбыцця хатняй "хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бела-чырвона-белы сцяг). Ад снежня Каваленка з перапынкамі галадае за кратамі.